epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пан і рэчка

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

Калі проці рабіць будзеш

І зачэпіш закон Божы,

Між людзямі ты нягожы,

Сам сабе ты напаскудзіш.

 

Быў праціўны пан на свеце:

Як упрэцца ён у чым,

Хоць сто баб туды зганеце,

Дык паставіць на сваім.

Ўздумаў рэчку пан спыніць,

Мужыкоў луг затапіць.

«Ой, нядобра, пане, робіш!

Ці ж у пана нос прыбудзе,

Як мужык без хлеба будзе,

Як дабро яго затопіш?

Ды й то, пане: чалавеку

Трудна рэчку утрымаць,

Ёй ўжо Бог сказаў ад веку,

Дзе ваду сваю зліваць.

І цячэ яна, як знае,

Няхай пан ёй не мяшае!»

Не паслухаў: склікаў ўсіх ён батракоў,

Наваліў у рэчку дроў,

Зрабіў гатку, і не знайся,

І пайшоў сабе ён спаць.

Пане, пане! прачынайся:

Стаў дождж гатку размываць!

Як усталі ўночы хмары!

Дождж, маланка, навальніца!

Бегаў пан, як на пажары,

І на гатку сеў, дурніца!

Аж народ з яго смяецца.

А вада калі напрэцца!

Зашумела, загуляла

І, як бура, загула, –

Гатку з панам разламала,

К чорту пана панясла!

 

Красавік, 1907


04.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910