Да працэсу над «Грамадой»
За вашу «ласку» панскую,
Палітыку шатанскую
Мы дзякуем, паны!
«Дабра» зрабілі многа вы,
Залезшы ў наша логава,
Пабраўшы бізуны.
Наслалі нам асаднікаў,
Жандараў і ураднікаў,
І іншае брыды.
Кунтушыкаў, каптурыкаў
І антэкаў-мазурыкаў
Наперлі нам сюды,
Каб гэтыя «дабродзеі»
Вам польскасць тут праводзілі
На панскія лады.
І «польскасць» тут праводзіцца —
На ўвесь наш край смуродзіцца
Ксяндзоўская мана.
І веру каталіцкую
Падносяць нам і тыцкаюць,—
На чорта нам яна?
Не возьмеш нас касцёламі,
Царквамі і саборамі —
На ліха нам ваш рай!
Гандлюйце сабе душамі,
Як рэдзькаю ці грушамі,
А нас ты не чапай!
Ды ліха ў тым, каханыя,
Што вы прыйшлі нязваныя,
Убіліся ў наш край,
Зрабілі яго «крэсамі»
І разам з пэ-пэ-эсамі
Заслалі тут абрус.
Ад Піншчыны да Случчыны
Пад пятамі пілсудчыны
Гаруе беларус.
Няма яму аддушыны,
А крык яго прыдушаны
Ўзвялі вы ў крымінал!..
Паны! Ці ж мелі рацыю
Судзіць за крык той нацыю,
Упасці ў такі шал?
Рэкорд, паны, пабілі вы,
І як тут ні адвілівай,
А роўных вам няма.
І тактыку ксяндзоўскую,
І школу мураўёўскую
Прайшлі вы недарма.
[1928]