epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Панскі гонар

З падслуханага

 

— Дзеду, дзеду! Ці ты дома?

— Ну, чаго?

— Каня забралі!

— Хто забраў?

— Ну, хто? Вядома:

Батракі у двор загналі!

— Як, загналі?

— Ды так, проста:

Ўзялі палку і паперлі!

— Бадай вас ўзяла кароста,

Бадай вы былі памерлі!

Скуль забралі?

— Ну, скуль: з жыта!

— Вы ж, гады, чаго глядзелі?

Драць вас трэба, біць і — квіта!

Ух! Вы сэрца мне адʼелі!

Пан, нябось, не падаруе:

Скуру злупіць за патраву!..

Дзед Яноль на двор вандруе

І анучу пхне ў халяву,

Бярэ палку і дыбае,

На хаду капшук вымае

І кладзе зноў да кішэні.

— Ну, паехаў рубель з хаты!..

Кур заярыў дзед ў ячмені,

Нос уцёр ён свой кірпаты

Ды йдзе к пану на дзядзінец,

Нібы пана ён не бачыць.

— Калі пан наш не злачынец

І з вялікіх паноў, значыць, —

Дзед з сабою размаўляе,

Каб чутно было і пану,—

Дык патрава — рэч пустая.

«Аддаць, — скажа,— каня Яну!»

І аддасць, не скажа слоўка.

А як ён крыві нячыстай,

Так, прыблуда-калатоўка, —

Піш, Яноль, к бабуні лі́сты!

Абдзярэ, брат, не даруе,

Лясне твой рубель сягоння.

Пан размову гэту чуе:

— Беж да дʼябла свэго коня!

 

[1921]


[1921]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938