epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пасля навальніцы

Навальніцы няма, навальніца сышла,

Хмары далей паціснулі ў свет,

І страхлівая цьма, дажджаная імгла

Разам з ёю пайшлі ў адзін след.

 

Хоць грыміць яшчэ гром і зямельку трасе,

Хоць маланка жахліва гарыць,

Над раўком-капяжом ў пакатай страсе,

Як сляза, яшчэ кропля дрыжыць, —

 

Але глухне раскат, і маланка радзей

Палыхае ў гняўлівых клубках...

Заспакойся ж, мой брат, і глядзі весялей,

Бо смяецца ўжо сонца ў палях!

 

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938