epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пасля зімы

Выйшла з халоднай пасцелі зямля,

Нібы́ пасля цяжкай хваробы.

Поле пустое, сырая ралля —

Ніякай украсы, аздобы.

Снегам прымяты галінкі хваін

На ўскрайку знямелых палеткаў.

Прэлае лісце сярод раўчавін —

Бяздушнай зімы недаедкі.

Сям-там засохлых раслін цыбуры

Схіліліся мёртва над долам.

Ходзяць па полі сіроты-вятры,

К зямлі прыпадаючы чолам.

Шэпчуць ёй ціха: «Не плач, не тужы —

Мінула тваё амярцвенне!

Сонца развее дыханне імжы

І новае вытча адзенне,

Рунню засцеле гмах шэры палёў,

Акрые шаўкамі даліны.

Будзеш мець выгляд, зямелька, ты зноў

Вясёлай красуні-дзяўчыны».

 

27/ІІІ 1938


27.03.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938