epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Паслушная жонка

I
II
III


I

 

Эх, Тацянка! Эх, дзяўчынка!

Дзе радзілася яна?

Таня – гожая былінка,

Таня – красачка, вясна.

Не дзяўчына – чараўніца,

Свет схадзі – такой няма,

І ў палацах-камяніцах

Будзеш ты шукаць дарма,

Бо не знойдзеш такой кралі,

          Як Тацяна Чабарок.

Губкі тыя – ну, каралі,

Бровы – дужачкі-шнурок.

Тонкі стан і тварык белы,

Вочы-зоры – ясны дзень,

А як кіне погляд смелы,

Так і згоніць з сэрца цень.

Дух захваціцца хлапчыне,

У крыві агонь гарыць,

Як вачамі толькі ўскіне

          Або смехам адарыць.

Сохлі хлопцы па Тацяне,

Увіваліся за ёй

На вячорках, на гулянні, –

Ды ў Тацяны нораў свой.

Ну і непакорная,

Ну і наравістая –

Не кажы да трох!

Бойкая, праворная,

Гора з ёю чыстае, –

            Ох, Тацянка, ох!

Толькі і камандуе,

Толькі і загадвае –

Любіць весці рэй.

Ходзяць хлопцы бандаю,

Ды гадаюць надвае

Цішка і Андрэй:

Ажаніся – клопату

Набярэшся многа ты,

Нажывеш бяды.

            Будзе шуму-лопату

І людскога рогату,

І свішчы тады.

Хочацца і колецца –

Лёгка заняволіцца:

Дзеўка – крапіва!

Ходзяць хлопцы, галяцца,

Думкі ж як наваляцца,

Ходзіць галава.

 

На ўсе рукі хват Даніла,

          Спрытны хлопец і дужэц.

Ростам – сажань, плечы – сіла, –

Адным словам, маладзец.

Толькі ж... эх, падбіт Даніла.

Чым? Дзявочым хараством...

Эх, Тацяна! Што зрабіла

Ты з Данілам малайцом?

Ды Тацяна маладая,

Калі праўду ўжо сказаць,

На Данілу паглядае

          Больш, як трэба паглядаць.

А Даніла ненарокам

Таню-любку пакахаў.

Аб красуні сінявокай

Сніў і марыў і ўздыхаў.

І як тут ён ні стараўся

Чары любасці разбіць,

Але сам сабе прызнаўся,

Што без Тані і не жыць,

І што там ні стане,

          Яго будзе Таня.

А сам кажа: «Быць не можа –

Уламлю цябе, нябожа,

Будзеш шоўкавая ты!»

І да Тані йдзе ў сваты.

 

 

II

 

Жывуць Таня з Данілаю,

І цешыцца ён мілаю,

А сам ходзіць злы, пануры,

Нездаволены і хмуры,

І на словы з ёю скупы,

          Дзьмецца ўсё, бы мыш на крупы.

Жонка толькі паглядае,

Ды нічога не згадае.

«Чаго смуцен, мой Даніла?

Ці я чым не дагадзіла?

Ці ўжо стала нямілаю,

Што глядзіць ён магілаю?» –

Запытала раз самога.

А ён толькі буркнуў строга:

 

– Будзеш усё ведаць –

                Хутка пастарэеш...

Ось давай абедаць –

Потым зразумееш.

 

Прамаўчала маладзіца,

За стол мужа просіць сесці,

Бо спрачацца ці гадзіцца?

За стол селі, сталі есці.

Раптам пеўнік дзесь з-за печы,

Як і робіць ён спрадвеку,

Ці ў свой час ці недарэчы,

          Як зацягне – кукарэку!

Раззлаваўся наш Даніла

І за печ зірнуў няміла:

—Кыш, маўчы!.. Маўчы, зараза!

Ані чхні! – А пеўнік – зноў.

—Крыкні, ну, яшчэ з паўраза,

Галава твая далоў!

 

А Тацянка – зірк на мужа:

«Гэ! Няўжо ты злы такі?»

І спалохалася дужа,

          Аж кальнула пад бакі.

Пеўнік, дурань, не стрымаўся,

Галаву ўгару задраў –

На паўпесні абарваўся,

Бо Даніла не ўтрываў:

Хоп за пеўня! На калодку,

Галаву нажом адсек!

Жонку кінула ў дрыготку:

«Ну й сярдзіты ж чалавек!»

А Даніла хоць бы слова,

          Кінуў пеўня, сам за стол.

Таня пеўніка ў прыпол,

Скубе пеўня адмыслова

І так спрытна – глянуць міла:

Каб ён толькі не злаваў.

Адвярнуўся ў кут Даніла,

Смех яго апанаваў,

Ды нічым тут не азваўся

І ўсё злосны, бы той воўк.

А тут кот адкуль ні ўзяўся

          І пад локаць яму – тоўк!

– Псік, не лезь! – а коцік трэцца.

– Таўкані яшчэ – капут!

Тут Тацянка як сарвецца:

– Псік, дурніца, шалапут!

Сама ж думае сабе:

«Секане ката па лбе!»

За катка і – гоп за дзверы!

– Псік! Хавайся! Уцякай!..

І сярдзіты ж ён без меры!

          Ой, Данілы не чапай,

Ой, Данілу не пярэч:

Галаву гатоў адсеч!

 

 

III

 

У вольныя хвіліны

Збіраюцца мужчыны

На прызбе ці так дзе.

І гутаркі жывыя,

І жарты дармавыя,

І смех там загудзе.

Ну, словам, як вядзецца,

          Гаворка іх пляцецца,

Не знаючы цэнзур,

Ні густу літарацкага,

І слова забіяцкага

Не чэшуць тут пад шнур.

Гаворка йдзе супольная,

Квяцістая ды вольная,

Як коціцца той вал.

Без повада, без вобруці,

Усім вядома, добра йсці,

          На ліха тут капрал?

Затое ж, мае братцы,

Як спрэчкі разгарацца –

Паслухаць іншы раз!

Зайшла і тут гаворка –

Даруй ты мне, Тадорка, –

Зачаў яе Тарас,

Хто мае жонку слаўную,

Паслушную ды спраўную, –

Ну, словам, пра жанок.

          Крычалі, аж стаміліся,

І чуць-чуць не пабіліся

З Будзілкам Лабанок.

 

– Куды варты вашы бабы?

Да работы яны слабы,

А вось Тэкля – дык але:

Баба першая ў сяле!

І паслушна, працавіта,

Да работы прагавіта,

Уварві ды падавай! –

          Хваліць жонку Каравай.

 

– Што?! – крычыць Пятрусь Тачыла. –

Мая Ганна – ўсім прыклад!

 

– Ці ж? А мешалкай вазіла,–

Петруся кальнуў Ігнат.

 

Крык і гоман разрастаўся,

І канца ім не відаць.

 

Тут стары Базыль падняўся:

– Хлопцы, ша! Нашто крычаць?

 

Крыкі спрэчкі не развяжуць...

          Слухай, Пётра і Кандрат:

Няхай нам жанкі пакажуць,

Ну, паслушнасці прыклад.

 

Палажылі грамадою

Жонкам пробу учыніць.

– Пётра! Справа за табою –

Годзе, досыць гаманіць!

Рушыў Пётра першы з месца

І махае рукавом:

        – Эй, Гануля! Скажу нешта,

          Ну, скарэй адно, бягом!

 

Ганна, праўда, падбягае,

Нос уцерла аб падол...

– Ну, чаго табе? – пытае,

Азіраецца вакол.

 

Змоўклі хітрыя мужчыны.

Муж пачаў свой прыгавор:

– Бачыш, Ганна: унь драбіны –

Завязі іх на свой двор!

 

– Што?! – Гануля перабіла. –

          А бадай ты не даждаў!

Хіба я табе кабыла,

Каб мяне ты запрагаў?

 

Так Пятруся адчытала,

Што Пятрусь, як пень, стаіць;

І ў другіх ахвота спала

Баб пры людзях зачапіць,

 

Тут Даніла засмяяўся,

Ўперад выйшаў і сказаў:

– Я таго не спадзяваўся,

          Каб верх жонцы муж аддаў.

Вось Тацяна – срэбра літа.

Хто тут з вашых ёй раўня?

І разумна, працавіта,

 

І пакорна, як ягня.

Эй, Тацяна! Сюды, жыва!

 

Міг – зʼяўляецца яна,

Падбягае і маўкліва –

Мусіць помніць певуна –

На Данілу пазірае.

 

  А ён толькі ссунуў броў:

– Бач, цялежка вунь старая,

Зацягні яе дамоў!

 

І Тацяна за драбіны

Ды бягом з канца ў канец!

 

– Во, Тацяна малайчына!

Во, Даніла маладзец!

 

1909, [1927]


1909,[1927]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4