epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пастух і авечкі

(Са зборніка «Другое чытанне для дзяцей беларусаў»)

У пастуха было у стадзе

Больш за тысячу авец,

І трымаў ён іх ў аградзе,

Дзе рос адзін мох і сівец.

 

Авечкі часта галадалі,

Ягняткі дохлі маладыя.

Трыбухатыя, худыя

Авечкі ногі чуць цягалі.

 

А за парканам раслі травы,

Ішлі палі падрад у лавы,

Гай зялёны, лес чарнявы,

Рос і хвойнік маладнявы.

 

Авечкі ў дзіркі пазіралі

І слінкі, бедныя, глыталі.

Жыць далей так не стала сілы –

Трыбух сцягнула ім і жылы.

 

І што ж рабіць было ўжо стаду.

Вось бараны прыйшлі на раду.

 

Пабляялі тры гадзіны,

Трохі змялі сабе спіны

(Аж да бойкі тут дайшло).

А назаўтра, ўстаўшы рана,

Да свайго пайшлі Сцяпана

(Дзесяць штук усіх пайшло).

Сам пастух сядзеў у хаце,

Стрыг авечак, скуру дзёр,

Ды гуляў каля азёр

І качаўся ў сенажаці.

Выйшаў ўперад, пакланіўся

Пастуху стары баран

І сказаў: «Вяльможны пан!

Ці на нас ты прагнявіўся,

Ці за што ты нас караеш,

Што ў загон нас заганяеш.

Бʼюць падпаскі нас няшчадна,

Нас сабакамі цкуюць,

Дарма воўну нашу рвуць...»

Гаварыў ён доўга, складна.

Пастух слухаў усё да слова.

– Зробім, – кажа, – усё нанова:

Волю дам вам, небажаткі;

Будуць цешыцца ягняткі,

Вас не будуць болей біць,

Будзе што вам есці, піць...

Забляяла усё стада,

Скача з радасці грамада...

К пастуху прыйшлі падпаскі,

Сталі радзіцца яны,

Каб не страціць ў стадзе ласкі,

Каб маўчалі бараны.

Што ж, пусціць авец на волю?

Больш работы будзе ім:

Авец трудна пасвіць ў полі;

Як заманіш іх і чым.

Покі там яны судзілі,

Злосць напала на авец.

Бараны паркан пабілі.

Бачаць – кепскі тут канец.

Бягуць падпаскі, пастух з імі:

– Стойце, стойце! Усё дамо.

Скінем цяжкае ярмо.

— Эй, падпаскі! Жэрдзе вымі!

Як пачула стада волю,

Дык давай гуляць па полю –

Па аўсе ды па ячмені.

Сціснуў палку пастух ў жмені:

– Мы ж далі ім, што хацелі,

На зямлі ляжыць паркан,

А яны авёс паелі!

Кліч сабак сюды, Іван!

 

Як вам, хлопчыкі, здаецца:

Як я ў кадзь вады налью,

Клёпкі вон падастаю,

Дык вада ці астанецца?

 

Красавік, 1907


04.1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910