epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Паўлюкова бяда

I
II


I

 

На дварэ даўно сцямнела.

Людзі ў вёсках леглі спаць,

Толькі моладзь не хацела

Слаўны вечар пакідаць.

І дапраўды: быў прыўдалы

Першы цёплы вечарок!

Прэллю пахнуў грунт адталы,

Глуха булькаў ручаёк,

Аб вясне разносіў весці

          Мілым шэпатам сваім.

Смех дрыжаў у адным месцы,

Песні чуліся ў другім.

Так зычліва ззялі зоры,

Мабыць радыя вясне,

А знямелыя прасторы

Штось таілі ў цішыне,

Мусіць, радасць, бо дзяўчаты

Спевы ладзілі ў сяле.

А Паўло, йдучы дахаты,

          Быў зусім навесяле.

– Ці тая дарога,

Ці не тая? –

Сам сябе, нябога,

Ён пытае. –

Дзе ты ходзіш, Паўлючок,

Гэтак позна?..

Ну, ну, годзе!.. Маўчок.

        Выпіць можна!

Пі, але розум май,

                Меру, браце,

І парадак трымай,

Вядзі ў хаце!

Чалавек жа з цябе –

Ой, гаручы!

Кожны дʼябал скубе,

Гад смярдзючы!

Не адзін жа такі

Ты на свеце.

Плюнь, Паўлюк! Паўлюкі,

                Пацярпеце!

Ды чаго мне цярпець?

Што цярпенне?!.

Ша, Паўлюк, не дурэць –

Тут каменне!

Ой, глядзі, там раўкі...

Стой ты, морда!..

Не, Паўлюк не такі,

        Ідзе цвёрда!

Не ўпадзе, не ўпадзе,

                Хоць і выпʼе.

Гартаваны ў бядзе,

Не, не грыб я!..

Стой!.. Бадай жа ты спух –

Паваліўся!

Ну і зух з цябе, зух!

        А хваліўся!

Пачакай, не пары

        Так гарачкі!

Ах, ядры, да ядры

                Тваю качку!

Ці ж не бачыш, дурны,

Ты прычыны?

Вінаваты яны,

Раўчавіны!

Тут не хмель вінават

І не ногі.

Паднімайся, мой брат,

        Не будзь строгі!..

Дзеткі... эх, бедакі!

                І ты, жонка!

Тата ваш не такі –

Ёсць скарбонка!

Ось дзе, ось дзе яны,

Грашаняткі!

З імі будзем паны,

Небажаткі!

Зарабляў ад Каляд

Усю зіму,

Не паддаўся ты, брат,

І Яхіму!

 

 

II

 

«Вось я й дома, дзякуй Богу,–

Сам сабе сказаў Паўлюк. –

Расцягнуў жа чорт дарогу –

Унь які зрабіў ты крук!..

Эх, не хата, а хібарка!

Цыц! Замкніся, Паўлючок!

Спіце, дзеткі! Спі ты, Дарка, –

Павал пʼяны, як глячок!»

 

Прытуліўся ён да плоту,

          Нібы ўжо ў сваім куту,

І скрозь пʼяную дрымоту

Меле розную лухту.

У яго мазгах зацьменне,

І здаецца Паўлюку,

Што ён сеў не на каменне,

А на печы у кутку.

Праўда, печ халаднавата,

Дый адкуль там быць цяплу?

Ветрам шыта яго хата

        І ліпіць, як на калу,

Сцены тонкі і дзіравы.

Гвалт крычы хоць – няма дроў.

Холад злосна дзьме з-пад лавы,

Як бы мех той кавалёў.

 

«Бадай вас спалілі дымы,

І хаты такія і печы!

Няма, відаць, горшай турмы,

Як гэты прыпынак галечы.

Дзівота, які ты жывучы,

  Ну, проста, як кот!»

 

І вешае Павал анучы

І лапці на плот:

«Хай за́ нач прасохнуць на печы.

І выпіў ты, Павал, а робіш дарэчы!»

 

І грошы дастаў ён з кішэні,

Памацаў квіткі,

Іх трохі пагоцкаў у жмені

Ды ў плот пад віткі!

 

«Нашто ў кішэні іх дзяржаць?

        Няхай пад балькаю ляжаць:

Заснеш –

Памнеш!

А заўтра ўставай, брат, раней...

Але ж дзьме, падла, з сяней!»

Вось сяк-так прымайстраваўся

На халодных камянёх,

Звіўся ў крэндзель, скарцаваўся

І заснуў, як толькі лёг.

 

 

  * * *

 

Прачнуўся назаўтра Паўлюк,

          Зірнуў на пасцель,

І ног ён не чуе і рук,

Прапаў яго хмель.

Ён цоп за кішэню, другую, –

А грошай няма!

І пазуху вытрас пустую,

Калошы, – дарма!

Агледзеў усе закарвашкі,

        Каменне і плот,

І ўздых вырываецца цяжкі,

                І кідае ў пот.

Нуда агарнула такая,

Знямеў чалавек!

І грошай ён больш не шукае –

Прапалі навек!

Бы сціснуў яго ў самоце

Жалезны абруч...

Вісяць адны лапці на плоце

Ды пара ануч.

 

1910, [1929]


1910,[1929]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4