epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пажаданні пад Новы год

Пажадаю, сябры-песняры,

Каб чарніла вы літры па тры

Улілі ў свае творы,

Ды каб іх чытаў чытачоў мільён,

Ды не так, як лякарства на сон

На бяссонніцу хворы.

Каб гужом паплылі вашы драмы

У кіно, тэатральныя брамы,—

Як зярно для памолу,

Каб, зірнуўшы на іх, рэжысёр

Бок важнецка рукою падпёр,

Распачаў сваю школу.

 

Каб да самай да позняй начы

Мелі ўцеху ад іх гледачы

І сказалі б: «Харошы».

Каб набілі за вечар няўзнак

Гледачы нашы — кончу я так —

Мазалі на ладошы.

 

26/ХІІ 1937


26.12.1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938