Прыйшла вясна. Выраслі ў лесе пахучыя красачкі. Зацвіла чаромха ў гаі. Цёпла, весела. Зазвінелі камарыкі, мушкі. Замільгалі ў паветры матылькі. Вылецела пчолка з вулля. Паляцела яна мядок збіраць. Збірае яна мядок, аж чуе — шэршань гудзе. Падлятае шэршань да пчолкі.
— Пчолка, будзь маёю жонкай.
— Пачакай, шэршню. Давай наўперад мёду прыстараемся, а на восень пажэнімся.
І паляцела пчолка на красачкі, мядок збірае.
Цэлае лета працуе яна, мядку прыпасае.
А шэршань цэлую ноч у гнілой асіне сядзіць. Дзень настане — выпаўзе з асіны, пагрэецца на сонцы, а потым у гай ляціць, сам нічога не робіць, пагульвае. І так прагуляў ён цэлае лета.
Прыйшла восень. Холадна стала. Павялі красачкі.
А пчолка мёду нанасіла і сама ляціць да шэршня.
Сядзіць шэршань на асіне каля дзірачкі. Холадна там. Адубеў шэршань, ляцець не можа.
— Ну, што, шэршань, будзем жаніцца? — пытае пчолка.
А шэршань толькі лапкамі паварушыў і піснуў:
— Не лезь, не лезь, бо ўдавою застанешся.
[1929]