Ён жыў адзін, адзін душою,
Вясны і вольнасці пясняр,
І меў ён дар жалобных песень,
Сардэчных песень дзіўны дар!
І ўсё было у гэтых песнях:
Прастор бязберажных сцяпоў,
І шум крыніцы пад гарою,
І мілы шэлест каласоў;
І слёзы чуліся нягоды,
Што льюцца рэчкаю ў цішы,
І незнаёмае шуканне –
Парывы змучанай душы.
Ў іх смутак з радасцю мяшаўся,
І спеў той душу калыхаў,
То сэрца беднае трывожыў,
То дух высока падымаў...
Ён жыў на ўзгорку каля лесу.
І снег чуць толькі прападаў, –
Пявун ляцеў на родны камень
І ціха песні пачынаў.
І лес, яшчэ не абуджоны
Прызывам жыцця і вясны,
Далёкі гай, курган высокі,
І хмуркі неба з вышыні,
Як тыя мілыя дзяўчаткі,
Таўкалісь белай чарадой, –
Ўсё слухала хвалу і гімны
Вясне прыветнай, дарагой.
А ён спяваў, спяваў так міла
Пра гэты лес, што быў пад ім:
Спяваў, як сэрца яму скажа, –
Напевам дзіўным, залатым.
Спяваў, і песні яго сонца
Любіла слухаць і лучы,
І крыж, пакуты образ смутны,
Адзін у полі стаючы.
Пявун спяваў, таго не зная,
Як ён прыроду весяліў...
Хто ж быў пявун? То птушка Божа,
То мілы жаваранак быў...
Усе птушкі ў паркі палучылісь
І гнёзды радасна вілі,
І у шчаслівым шчабятанні
Іх дні вясёлыя цяклі.
Адзін ён толькі жыў асобна,
Як бы сіротка ці чужы;
Ён меў сабе на ноч прытулак
Пад родным камнем на мяжы.
А праз тры межы, на кургане,
Другая птушачка жыла,
Такая здатная пташына:
Прыгожа, міла, весяла!
І наш пявун любіў кружыцца
Над тым курганам дарагім,
Высока ён ўздымаўся ўгору,
Званіў званочкам залатым.
І голас ў небе разліваўся,
За лесам ціха-ціха млеў;
І тая мілая пташына
Яго любіла, гэты спеў.
Яна садзілась на каменьчык,
Ківала ў тахту галавой,
А гукі песні ў небе млелі,
Ліліся срэбранай струёй.
О, як ён быў тагды шчаслівы,
Яму так радасна было!
Душа яго жыла надзеяй,
І сэрца радасцю цвіло.
Тагды ён быў шчаслівейшы ў свеце,
Сваё жыццё благаслаўляў,
Нікому ў свеце не зайздросціў,
Ад шчасця млеў і заміраў.
Быў дзіўны ранак,
Ўсё маўчала: і лес, і поле, луг, і гай;
Зара на ўсходзе залаціла
Агністым бляскам неба край.
Весь Божы свет чакаў усхода,
Не смеў, здаецца, і дыхнуць;
З усмехам добрым ждаў ён сонца,
Як дзеці матку сваю ждуць;
І чуць яно азалачала
Вярхі курганаў, цемя гор, –
Хвалу прырода ўся злівала
Ў адзін напеў і стройны хор.
А ў гэтым хоры выдзяляўся
Прыятны голас певуна,
І трэлі песні дзіўна-здольнай
Лавіла неба глыбіна.
Але на тым ужо кургане
Не бачыў пташкі дарагой:
Яна з другім ужо спявала,
Вʼючы гняздзечка пад гарой...
І запусцеў курган высокі;
Ён толькі боль ў душы будзіў
У песняра, палёў дзіцяці,
І песні смутныя радзіў.
І з таго часу песні льюцца
Над тым курганам ў вышыне,
І ў іх чутны разлука, скруха
Па днёх даўнейшых і вясне.
24.02.1909–1.04.1909