epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Перад дарогай

Эх, як тупну я нагою,

Свісну, заспяваю,

І на ўсё махну рукою –

Гайда з свайго краю!

 

Годзе пухнуць у балоце,

Ныць заўжды ў няволі,

Жыць без хлеба, у бядноце,

Траціць сілу ў полі!

 

Апроч сілы, мне нічога

Бацька не пакінуў,

Гнуўся, бедны, жаль старога –

Як сабака гінуў!

 

Я ж не буду абдзіралам

Гнуцца за два злоты!

За свой клунак, марш па шпалах –

Пашукаць работы!

 

Гой, гой, вецер, зашумі ты,

Аж каб лес ламаўся!

К чорту думкі разгані ты,

Каб не сумняваўся...

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910