Іх надоўга асудзілі,
Цяжка пакаралі,
Праз нягоду жыцця з вёсак
У астрог загналі,
Адарвалі ад сямейкі
І ад родных дзетак,
Гоняць ў катаргу пажылых,
Маладых кабетак.
І не знаюць, небаракі,
Бедныя кабеты,
Куды доля іх загоніць,
Дзе іх пройдуць леты;
І не знаюць, як сустрэне
Трудная дарога
Пад канвоем па этапах
У астрог з астрога.
На іх тварах смутак цёмны,
Гора напісана:
За няма што жыцце знікла!
Ў гразь яно ўтаптана!
Задуменне чорным ценем
На твары іх зляжа,
Горам цяжкім, горам горкім
Сэрца апяража.
Ўсё прапала для гаротных,
Жыццё у прах разбіта,
А над будучыняй цёмнай
Ночка ўсцяж разліта.
І даўнейшае жыццё іх
Ў думках пранясецца,
І ад гэтых думак сэрца
Жалем скалыхнецца.
Вёска ўстане перад імі,
Хаткі дарагія,
Ўсе куточкі, дзе прабеглі
Леты маладыя.
Ўспомняць родных, сваіх кроўных,
Блізкіх і далёкіх.
А ці ўспомняць іх там дома,
Бедных, адзінокіх?
І часамі хто з іх песню
Горка заспявае.
Гэта песня жалем-смуткам
Сэрца спавівае.
«Я памру,— адна заводзіць,—
Мяне пахаваюць
Як папала, ў чужым доле
Труп мой закапаюць.
Знаць не будзе ніхто з родных,
Дзе мой прах струхлее...»
Горкім жалем, цяжкім смуткам
Ад тэй песні вее...
Ох, як многа такіх песень
Чуецца ў дарогах!
Колькі сілы, жыцця колькі
Нішчыцца ў астрогах!
Мінск, [1910]