epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Перад судом

Не ў салдаты выпраўляе

Маці свайго сына,

Не на службу ў двор да пана, –

Едзе ў суд хлапчына!

 

Знае маці — не жартуюць,

Судзяць суддзі строга,

Хоць сынок яе не злодзей,

Не зрабіў нічога:

Не забіў, не абясславіў,—

О, не, не! Крый Божа!

Гаварыў ён, – ну, што ў гэтым? –

Што так жыць нягожа,

 

Жыць і гнуцца, прад багатым

Поўзаць чарвякамі,

Што даволі ўжо цярпелі

Доўгімі вякамі,

 

Што даўно пара за розум

Бедным людзям ўзяцца

І парадкаў справядлівых

Трэба дабівацца.

 

А каб справіцца з няпраўдай,

З крыўдаю, з бядою,

Дык націснуць трэба людзям

Дружнай грамадою...

 

Конь запрэжан, ўсё гатова...

Смутная дарога!

Не суліць яна старэнькай

Добрага нічога.

 

Горкі жаль акрыў кабету

І здушыў ёй грудзі.

Ў кут забілася і плача,

Каб не зналі людзі

 

Яе гора, і трывогі,

І жальбы па сыну.

– З Богам, сынку! Хай дае ён

Добрую часіну!

 

Рушыў конік. Зарыпелі

Весніцы гаротна.

Азірнуўся бедны хлопец

Горка і маркотна.

На дварэ стаіць матуля,

Галавой кіўнула,

А сама слязу буйную

Рукавом змахнула.

 

Вось і поле. Конік трусіць,

Вецер падзімае.

Азірнуўся хлопец — хата

З вока прападае.

 

І абцёр ён непрыметна

Жаласці слязіну.

Эх, відаць, не скора ўбачыць

Родную хаціну!

 

[1910]


[1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910