epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Першы дэпутат

Сімвалам радасці, праўды і волі

Сталася слова адно на ўвесь свет.

Слова то – Сталін, сцяг яснае долі,

Гордасць народаў, зямлі нашай цвет.

 

Шлях у прасторы, у новыя далі

Нам ён акрэсліў, як геній-прарок,

Выкаваў сілу, цвярдзейшую сталі,

Зрынуўшы цемру фашысцкую ў мрок.

 

Грознай скалою над светам высока

        Край наш Савецкі сягоння стаіць.

Смелае, зоркае Сталіна вока

Даль прабівае, нядрэмна глядзіць.

Бачыць ён ходы ўсе ворагаў злосных,

Чуе шыпенне двурушных «сяброў».

Марны ж патугі і хітрыя кросны

Тых, каму долар дарожай за кроў...

 

Мудры і просты, усімі любімы,

Служыць народу ён, дбае аб ім.

Родны наш бацька, таму тваё імя

        Сталася блізкім для нас, дарагім.

 

Вось чаму сёння ад краю да краю

Голасам дружным на радасны лад

Слаўнае імя народ называе:

Сталін, ты першы наш друг-дэпутат!

 

8/І 1947


08.01.1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4