Якуб Колас

Першы гром

Голасам моцы, ціха i важна

Гром пракаціўся ўгары.

Луг адазваўся грому працяжна,

Лес адгукнуўся стары.

 

Гай страсянуўся, дрогнула поле,

Долы той гук паняслі.

Ў гэтым раскаце чуецца воля,

Чуецца радасць зямлі.

 

Ў грукаце гэтым многа ёсць сілы,

Чуецца моц i прастор...

Першыя громы! Сэрцу вы мілы,

Люб мне ваш смех паміж гор.

 

Міл майму сэрцу гоман далёкі,

Водгук вясёлы i шум.

Гром ты магутны, гром адзінокі!

Колькі ўскатурхаў ты дум!

 

Моцна мяне ты клічаш на волю —

Цяжка без волі мне тут.

Кланяйся, громе, роднаму полю,

Родны вітай ты мой кут!




Беларуская Палічка: http://knihi.com