epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Песні аб Імперыялістычнай вайне

І. Песня салдаткі
ІІ. Салдацкая песня
ІІІ. Новая паходная


І. Песня салдаткі

 

Гнуцца лозы над крыніцай

Ды шумяць тужліва.

Ідзе гора з маладзіцай

На цяжкое жніва.

 

Зачыніла свет вайна,

А я з дзеткамі адна,

З дробнымі, малымі, —

Цяжка адной з імі.

 

Вее вецер па-над борам,

Ходзячы па свеце.

Ой вы, сонца, месяц, зоры!

Праўду мне скажэце:

 

Дзе мой горкі бедачына,

Мой салдат пахілы?

Без яго мне, сіраціне,

Белы свет нямілы.

 

Зачыніла свет вайна,

А я з дзеткамі адна,

З дробнымі, малымі, —

Цяжка адной з імі.

 

Ці жывы ён, ці забіты,

Ці ў чужым палоне?

Шапаціць мне штосьці жыта,

Ды слоў не гамоніць.

 

У каго ж я запытаю?

Нема ўсё навокал:

Дзе ты, дзе, у якім краі,

Мой нявольнік-сокал?

 

Зачыніла свет вайна,

А я з дзеткамі адна.

Горка мне адненькай,

Сумна маладзенькай!

 

 

ІІ. Салдацкая песня

 

Старана чужая — не родная маці,

А касцей салдацкіх нагацілі гаці.

Эх, ваюй, ваюй, салдат,

Выступай за радам рад!

 

За гарой, за лесам ліха, смерць блукае,

А крумкач у госці крумкачоў склікае.

Эх, ваюй, ваюй, салдат,

Па зямлі паўзі, як гад!

 

У сырых акопах гіне люд рабочы,

А там дома жонка праплакала вочы.

Эй, ваюй, ваюй, салдат,

За цара, за царанят!

 

Над зямлёю цяжка злегла ноч сляпая,

А ў каго матуля пра сынка спытае?

Эй, ваюй, ваюй, салдат,

Не аглядвайся назад!

 

 

 

ІІІ. Новая паходная

 

Рушым дружна грамадою

На паноў у свой паход,

Скончым з панскаю брыдою

І адвечны знішчым гнёт!

Эй, гарніст, іграй паход!

Дружна, армія, ўпярод!

 

Разгарні ты, люд рабочы,

Сілу, волю ва ўсю шыр,

Зграі рознай патарочы

Улажы навек у жвір!

Эй, гарніст, іграй паход!

Смела, ратнікі, ўпярод!

 

Узнімайся, сцяг чырвоны,

Ды ўгары агнём шугай

І над светам паланёным

Ясным сонцам заіграй!

Эй, гарніст, трубі паход!

Дружна, армія, ўпярод!

 

Развязаў нам Ленін вочы,

Расказаў, дзе шчасце, мір.

Разгарніся ж, люд рабочы,

Ва ўсю моц сваю і шыр!

Эй, гарніст, трубі паход!

Грамада, валі ўпярод!

 

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938