epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Песня

Песня, дзіцятка сэрца балючага!

Толькі цябе запяю,

Многа абудзіш ты гора гаручага,

Смуціш душу ты маю.

Часта са ўздыхам сябе я пытаю:

Як павядзецца табе?

Ці паліешся ты вольна па краі,

Вокліч ці знойдзеш сабе?

Або заглухнеш, замрэш адзінока

Рэхам нягромкім ў цішы

І не зачэпіш сэрца глыбока,

Не раскалышаш душы?

Родныя сёлы цябе ці пачуюць?

Можа і словам тваім

Людзі пагардзяць ці пажартуюць,

Смехам спаткаўшы пустым?..

 

[1912]


[1912]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938