Я саўю гняздо пад стрэхай
Беднай хаты мужыка;
Буду шчасцем і уцехай
Гарамыкі-бедака.
Буду я над беднай нівай
Песні раніцай спяваць
І ад мошкі ад шкадлівай
Буду быдла пільнаваць.
Сяду ў поўдзень я на клеці,
І хваліць я буду труд...
Не ганяйце ж мяне, дзеці,
Дайце, мілыя, прыют.
1906–1907