epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Песня птушкі

У цеснай, крэпкай турме аднаго вялікага горада сядзеў бедны засаджаны. Нягодныя людзі закавалі яго ў ланцугі і кінулі ў турму.

У турме было сыра, цёмна і холадна. Замеж пасцелі яму кінулі мокрую салому. Кармілі яго адным толькі хлебам і давалі адну ваду. Сядзеў ён там многа гадоў — змучаны, бледны, хворы і нудны. Рэдка свяціла сонца ў яго маленькае, вузкае аконца; свежы воздух не праходзіў у турму. Нудна думаў бедны астрожнік пра сваіх дарагіх родных, пра маленькіх сваіх дзетак; думаў, можа быць, даўно ўжо ўсе забыліся пра яго, счытаючы памёршым. Што робіцца там, у далёкім родным краі, на зямлі?

Ён падышоў пад аконца. Быў дзіўны летні вечар. Сонца апускалася ўжо к лесу, і ціха, і хораша свяціліся яго верхавіны ў залатым бляску апошніх лучоў. Па вуліцах ішлі і ехалі людзі. Турма была высокая, і людзі здаваліся маленькімі. Ён крыкнуў ім, але ніхто яго не пачуў. У сінім небе лёталі птушкі. Проціў акна ціха пралятаў арол.

– Арол, арол! — закрычаў яму астрожнік. — Сядзь ка мне на аконца, раскажы, што робіцца на зямлі, заспявай мне песню!

– Не, — сказаў арол, — акно тваё надта малое: мне недзе сесці. Я не раскажу табе, што робіцца на зямлі, бо рэдка апускаюся на зямлю. Я ўю гняздо сваё на самых высокіх курганах у горах і на старых дубах, далей ад нягодных людзей, каб не развярнулі яны майго гнязда. Я не заспяваю табе песні, я ніколі не спяваю на зямлі. Я падымаюся высока-высока, і мае песні слухае толькі вечнае сонца.

І шырокімі ўзмахамі дужых крылаў арол горда падняўся да неба і схаваўся з вачэй.

– Лебедзь, лебедзь! Раскажы, што робіцца на зямлі, заспявай мне песню!

– Не, — кажа лебедзь, — я не раскажу табе, што робіцца на зямлі. Я плаваю заўсёды па вадзе — чыстай, светлай вадзе, між зялёнымі чаротамі. Як вада раніцаю, на ўсходзе сонца, пакрыецца чырванаватым светам, я моцна крычу сонцу: «Дзень добры!» Я не заспяваю табе песні, — я заспяваю песню, як стану ўміраць. — І лебедзь паплыў у воздусі, блішчучы белымі крыламі.

– Верабейчыкі, верабейчыкі! Сядзьце на аконца, раскажыце, што робіцца на зямлі. Заспявайце песеньку!

– Чылік-чылік! Нам некалі. Нам яшчэ трэба падзяўбці зернятак, што няўмысля рассыпаў мельнік!..

І нудна апусціў галаву бедны астрожнік, і востраю боллю заныла яго сэрца.

Раптам фуркнула шэранькая птушачка, павярцелася прад акенцам і села на жалезную крату.

– Здароў, салавейчык! Дзякуй табе, мілая птушачка, што даведалася мяне. Раскажы, што робіцца на зямлі, заспявай мне песню.

– Я раскажу табе, што робіцца на зямлі, я заспяваю табе песню, — пачаў салавейчык.

І паліліся такія трэлі, што бедны астрожнік заплакаў з радасці, упаў на салому, — і ўсё плакаў, усё слухаў.

— Учора ранкам на ўсходзе сонца, — спяваў салавей, — было так светла. Я прыляцеў да твайго доміка, сеў на зялёны арэхавы куст перад адчыненым аконцам і ўсё спяваў і спяваў. У калысачцы ляжаў твой сынок. Ён раскрыў свае светленькія вочкі і пытаў:

— Дзе тата? Дзе тата? — і слухаў мае песні...

Твае сваякі плачуць, успамінаючы цябе. Яны цябе любяць, надта любяць, і вельмі хочуць убачыць цябе. Не маркоцься! Бог бачыць, што ты невінаваты: злыя людзі выпусцяць цябе, і ты зноў выйдзеш на волю, на свет, на чысты воздух.

— Дзеці твае будуць цябе шанаваць і любіць... Будзе ціхі летні вечар, доўгія цені пацягнуцца ад дрэў, на сонцы заблішчаць вокны. Ты будзеш, седзячы на ганку, расказываць сваім дзецям, як ты пакутаваў.

Будзеш іх вучыць, каб яны, як вырастуць, не давалі злым людзям рабіць злыя дзелы, каб не крыўдзілі другіх людзей. I дзеці твае паслухаюць цябе. Як яны вырастуць, ты ўбачыш іх добрымі, чэснымі і справядлівымі, убачыш, як яны будуць стаяць за бедных і памагаць ім. Ты будзеш жыць доўга, доўга. Валасы твае пасівеюць, але сэрца будзе радасна біцца.

I як ты памрэш, усе будуць плакаць па табе і маліцца, і панясуць цябе на зялёныя могілкі ў светлы сонечны дзень. Над тваёю магілаю пасадзяць рожавы куст, і я буду на ўсходзе сонца спяваць песні над тваёю магілаю...

 

[1906–1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7