epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Петрусю Броўку

Да пяцідзесяцігоддзя

Азірнёмся, Пятруська, назад –

Колькі кветак пасохла ў пракосе!

І чаго, эх, чаго толькі, брат,

Перажыць, перачуць не прыйшлося!

 

Адшукаць бы свіронак нам той,

Дзе хаваюцца думкі-ўспаміны

Ды з прастэчай зычлівай, святой

Размяркованы часы-хвіліны,

 

Але іх так багата, браток,

        Што не злічыш усіх па парадку,

Як, напрыклад, Вусцянскі грудок,

І Ляўкі, і Ташкент на астатку.

 

Толькі ж сіла, Пятрусь мой, не ў тым,

Каб прыгадваць, трывожыць былое,

А далей быць, як быў, маладым

І таптаць усё нізкае, злое!

 

Новы засеў, заўваж, немалы, –

Узрасціць, даглядзець яго, друга.

А з заморскай брыдоснай імглы

        Шчэрыць зубы сусветны хапуга.

 

Ды пры гэтым яшчэ, абармот,

Шуму робіць аб атамных бомбах.

Выкідайся ты, містэр, за плот

Ці згнівай у сваіх катакомбах!

 

Дык закасвай, Пятрусь, рукавы –

Папацець яшчэ трэба нямала,

Каб на голас прызыўны, жывы

Песня дружбы, як гром, бушавала!

 

8/VI 1955


08.06.1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4