epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пісаравы імяніны

I
II
III


I

 

Яшчэ за месяц усё панства мястэчка В. знала, што пісар першага верасня імяніннік, і кожны местачковы пан ужо вастрыў зубы на гэтыя імяніны.

Усё местачковае панства збіралася кожны вечар у каго-небудзь з паноў, піло гарэлку, гуляла ў карты, абівала свае языкі аб косці таго, хто не ўмеў або не хацеў пападаць ім у тон і туляўся іх зборышч.

Гэтак і не агледзеліся, як падышоў дзень імянін. Зачыніўшы манапольку, сядзелец Амяльян Шурпаты пайшоў да пісара. Па дарозе ён клікнуў урадніка Дарафея Бойку. Пакуль ураднік збіраўся, падышоў дзяк. Да іх яшчэ прылучыліся дыякан з фельчарам, і ўся кампанія павандравала да пісара. Амяльян Шурпаты ўсю дарогу гаварыў смешныя рэчы. Яго расказы вядомы былі тым, што ў іх было ў сто разоў больш гразі, чым смеху і розуму. Але, калі ён ужо надта дацінаў, кампанія хваліла яго. І самаю вышэйшаю хвалою для сядзельца было, калі яго сябрукі скажуць: «А ліха ж яго матары!» або: «А бадай ты апруцянеў!»

Пісар Сямён Гаўрылоўскі даўно ўжо чакаў гасцей, пахаджаючы па пакоі, курачы папяросу і пакручваючы вусы.

У сталовай ужо быў гатоў стол, на якім стаялі бутэлькі і цэлыя горы закускі. Пісар весела пазіраў на стол, часамі ўсміхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха.

– «Се жэніх градзе!» – сказаў дзяк, адчыніўшы дзверы, і ўся кампанія ўвалілася ў пісаравы пакоі.

Госці павіншавалі імянінніка. Да вячэры паставілі некалькі «банкаў».

Часамі за картамі падымаўся гоман. Старшыня ніяк не хацеў прымаць у доўг і наступаў на фельчара. Фельчар, спусціўшы ўсе грошы, сярдзіта пазіраў на старшыню, кінуў карты, сказаўшы: «Давіся, акула!», і сядзеў або радзіў суседу, на якую карту паставіць больш «мазу».

 

 

II

 

– Пажалуйце, гаспада, закусіць! – паклікаў пісар гасцей.

Загрымелі крэслы, і ўсе павылазілі з-за стала, каб перайсці за другі. Пісар наліў чаркі.

– За здароўе Сямёна Пятровіча! – сказаў, устаўшы, дыякан. – Дай Божа, каб на другі год дачакалі; няхай красуецца наш пісар на многія леты! Ура!

– Уррра! – падхапілі ўсе і сталі стукацца чаркамі з пісарам. Пісар стаяў і кланяўся. Выпілі па другой, па трэцяй.

Пасля чацвёртай чаркі падняўся пісараў памочнік. Нос яго быў заўсёды чырвоны, як бурак, і выдаваў яго шчырую дружбу з манаполькаю.

Каб хто назіраў за ім у гэты вечар, той прымеціў бы, як ён вымаў з кішэні паперку і заглядаў у яе. Памочнік меў значок саюза рускага народа, пасылаў свае творы ў газету «Русское знамя» і лічыўся ў мястэчку чалавекам мыслі, пяра і бутэлькі.

Стаўшы на кросла і абцёршы нос, памочнік пачаў:

 

 

Пышны баль у нас сягоння,

І закуска, і гарэлка!..

Слава пісару Сямёну!

Ах! Каб ён не плаваў мелка!

Родны пісар нам па духу,

Сіцыліста ён не любіць, –

Як крамола завядзецца,

Марне ён яе загубіць!

Ён наш пісар, ён наш друг,

Няхай крэпне яго дух!..

 

Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Тут усе кінуліся да пісара:

– На ўра! На ўра!

Пісара падхапілі на рукі і пачалі шугаць. Больш за ўсіх стараўся сам паэт. Пісара падкідалі чуць не пад самую столь. Ногі яго целяпаліся ў паветры. Летучы з-пад столі, ён грукнуў абцасам паэта па лбе. Паэт схапіўся адной рукою за лоб, а другой дастаў з кішэні паперу, на якой былі напісаны вершы.

– Яшчэ раз чытай!

– Не! Вы пабачце, што з вершаў выходзіць!

– А што?

– А вось чытайце адны толькі вялікія літары кожнага новага радка.

– «П-і-с-а-р С-я-м-ё-н!»

– Вось маладзец!

– Ах, што за галава!

– На ўра яго!

 

 

III

 

Сваім вершам памочнік павярнуў, можна сказаць, кола пісаравых імянін.

Першага гэты верш трохі ўкалоў урадніка. Як так? Не пісар жа пастаўлен ад начальства ваяваць з крамолаю, а ён, ураднік!

– Ці вы помніце вучыцеля? – пачаў ён. – Такі ўжо быў чырвоны. Я толькі зірнуў на яго, адразу пазнаў, што гэта за птушка. А дзе ён? Кару нясе ў турме за непавагу начальства. А хто быў рукою караючага? Я – Бойка. А ў вёсцы Сту...

– Але хто накрыў пазалетась вучыцялёў на зʼездзе? – перапыніў старшыня. Ён увесь час маўчаў і старанна ачышчаў чаркі і талеркі. – Бачу я, збіраюцца – валасатыя, кудлатыя. Тут я і здагадаўся. Я да земскага, ад земскага да прыстава. Ось і накрылі! І цяпер чалавек дваццаць без службы бадзяюцца, як басякі.

– О! Гэта называецца зацягнуў невад! – крыкнуў памочнік і пахлопаў старшыню па плячах. – Ураднік, і пісар, і старшыня – усе карысныя людзі...

– А я – дзяк, жыву так: брахну тому і другому і жыву сабе так-сяк! Мая доля чацвяртак! – І дзяк, узяўшыся ў бокі, пайшоў упрысядку. – «Віно весяліць сэрца чалавека!» – сказана ў пісаніі, – крычаў дзяк.

Гэтага толькі і чакаў сядзелец. Ён даўно памыкаўся ўжо сказаць і сваё слова. Цяпер горла яго прарвалася, і ён пачаў гаварыць. Сядзельцаў ён парабіў самымі лепшымі людзьмі. Перш-наперш, яны заўсёды сядзелі ціха, ніколі не бунтаваліся.

– Воласць збірае нядоімкі, як крумкач косці, – гаварыў сядзелец, – а да мяне мужык сам нясе капейку. Голы, босы, адны косці, а бутэлькі гне. З ветру валяецца, а даход дае. А праз каго? Праз сядзельца!

– І праўда, дурань ты! – пачаў ураднік. – За чыёю ж ты спіною сядзіш ды чэрава гадуеш? Асталоп ты!

– Ты сам дурань і асталоп: ад дурня чую!

– Ці падстаўляў ты калі, хоць раз, свой барані лоб пад кулю? Ці трос ты хоць людзей уночы? Сядзіш сабе, паветра псуеш ды лезеш яшчэ з суконным рылам, куды табе не след!

– Скажы гэта сучцы старога Ахрэма, а не мне. Знаю я... За рубля можна!.. Моўша Перац не мае права!..

Невядома, якая справа была ў урадніка з Моўшам Перцам – так яна і засталася загадкай для гісторыі, бо толькі што сядзелец адчыніў рот, каб сказаць нейкае слова пасля «права», як Бойка, схапіўшы з талеркі салёны разлезлы агурок, шаргануў ім у нос сядзельцу. Усё гэта зрабілася так скора, што сядзелец быў падумаў, што яго нос сарваўся сам і паляцеў да ўрадніка. Але нос аказаўся на сваім месцы, як салдат на варце. На адзін момант усё прапала з вачэй сядзельца. Ён толькі бачыў урадніка ды талерку з капустаю, якую ён зараз жа і скарыстаў. Уся галава Дарафея была ў сырой капусце. Сок пацёк яму за каўнер, некалькі моманту ўраднік стаяў сагнуўшыся і круціў шыяй, як аглушаны баран.

Ці ж можна было сцярпець такую абразу?

Ураднік сарваўся з месца, скінуў са стала бутэльку з гарэлкаю, некалькі талерак, схапіў сядзельца за сярэдзіну і пацягнуў на двор. Але на зборнай урадніка асвятліла шчаслівая думка: каля дзвярэй стаялі два цэбры – адзін з паранкаю для каровы, другі з мякінаю для свіней. Сядзелец прачытаў думку ўрадніка і бараніўся з апошніх сіл. Бой цягнуўся нядоўга: праз некалькі моманту сядзелец сядзеў у цэбры з паранкаю... Толькі што ўраднік хацеў ужо святкаваць свой верх, як сядзелец так спрытна трэснуў нагой па Бойкавых цяглях, што калені ўрадніка далёка падаліся ўперад, а зад яго, як капар, што забіваюць палі, уляцеў у свінячае снеданне. Усё гэта зрабілася так борзда, што госці не маглі нічога зрабіць, каб адхіліць гэтую катастрофу.

Цяпер госці ўсе былі на зборнай і рвалі жываты ад смеху.

– Пабеда Давіда над Галіафам, – сказаў дыякан.

А дзяк спяваў:

– Каня і всадніка мора чэр-мно-о-ое!

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5