– Напішы мне, калі ласка,
Пісямко дахаты!
Піша з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты...
Охо-хо! — Пракоп ўздыхае,
Джургае чупрыну,
А ў руках пісьмо трымае
І канверцік сіні.
Просіць шчыра грамацея,
Нават шапку скінуў.
Сам Пракоп пісаць не ўмее —
Дзе? У бядоце гінуў!
Гадаваўся на мякіне,
Жыў з худобай змалку,
Смак жыцця пазнаў на спіне,
Высах сам у палку.
А нарэшце вось папаўся
Ў спісак арыштанскі.
А за што? Нібы збіраўся
Падпаліць лес панскі!
– Што ж табе пісаць, старэнькі?
– А пішы, нябога!
Жонка, сын мой даражэнькі!
Шлю паклон з астрога.
Сэрца мне баліць, і вас я
З думак не спускаю.
Кожны Божы дзень і час я
Дом успамінаю.
Жонка мая дарагая!
Ты не скрыўдзь Івана.
Калі грошай не хватае,
Папрасі ў Сцяпана.
Няхай Сцёпка не баіцца —
Аддамо з падзякай.
Хлопцу ж трэба хоць акрыцца,
А не йсці сабакам.
Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі.
Дай з сабою колькі злоты —
Весялейшы будзе.
Калі корму досыць маеш,
Падкармі больш свінку,
Мо якую захаваеш
На Вялікдзень шынку.
А калі на грош няхватка
Або корму мала,
Закалі і з паўдзесятка
Фунтаў прышлі сала...
Сын мой! Снасці рыбаковы
Добра ты прыпратай —
Згодзяцца, а венцер новы —
Маеш час — залатай.
Захавай, мой сын, прашу я,
Човен у адрыне,
Няхай вецер не свідруе,
Няхай так не гіне.
Ўсё, што можна, захавайце,
Пакуль я вярнуся.
Нераток стары аддайце
Міхалю з Габрусем.
Кнігі ўсе, апроч псалтыра,
Вы аддайце Грышку,
Хай сабе чытае шчыра,
Бо ён любіць кніжку.
Дарагі сын! Перад здачай
Да мяне зайдзі ты,
Можа болей і не ўбачу,
Не пачую, дзе ты.
Не смуткуйце, не бядуйце —
Дасць Бог спосаб новы.
Што ж ты зробіш? Пагаруйце...
Будзьце ўсе здаровы!
[1909]