epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Плач

Цэлы век я ўсё страдаю,

Шчасця я не бачу,

Сваё жыцце праклінаю,

Цёнгле горка плачу.

 

Жаль агорне, нудна стане,

Сяду і заплачу:

Калі ж тое шчасце гляне?

Дзе яго убачу?

 

Палюбіў адну дзяўчыну,

Ўспомню — і заплачу;

Ажаніўся і чупрыну

Ўсю сваю я страчу.

 

Жонка лупіць качаргою,

Вось чаго я плачу,

За лоб чэпіцца рукою,

Чаму ж чуб не трачу?

 

Той смяецца, той спявае,

А я толькі плачу.

Праваліся, доля злая!

Чорт табе ў прыдачу.

 

Ох, як многа за слязамі

Часу я патрачу!

Гэта ўспомню я часамі

Ды ізноў заплачу.

 

[1898]


[1898]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910