epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Покліч

Гэй, чулыя сэрцам! Гэй, душы жывыя!

      Ідзіце вы долю каваць!

У вас жа ёсць сілы яшчэ маладыя,

        У вас жа ёсць крыллі лятаць!

 

Але сцеражыся: балотная бросня

        Іх кожную хвілю сачыць,

А гніллю зацягне — душа не ўваскросне,

        Ўгару над зямлёй не ўзляціць.

 

Вы чуеце хваляў жывых набяганне?

        Прыгледзьцеся: новыя дні

На вас пазіраюць у іскрах світання,

        І свецяць другія агні.

 

Спяшайцеся, брацці, расою халоднай

        Ваш твар выразлівы абмыць

І дух той гаючы палёў, нівы роднай

        У грудзі чым больш захапіць.

 

Але памятайце — на вашым сумленні

        Не сплачаны доўг векавы:

То доўг прад народам, то доўг разумення,

        Якое зачэрпалі вы

 

З народнага скарбу душы самабытнай

        І скарбу яго мазалёў:

То ён, працавік наш, то ён, старажытны,

        На гору вас моўчкі узвёў.

 

Гадуе вас поле, што золатам ззяе

        Пяскоў, неўраджайных пяскоў,

Вас корміць сярмяга, што долі не знае,

        Не ведае ласкі братоў.

 

Ідзіце ж к народу, як добрыя дзеці,

        Ідзіце, злучайце яго

І горкую праўду у вочы скажэце,

        Чаго ён гаруе, чаго?

 

11/VI 1921


11.06.1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938