epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Поле

Зараслі вы, межы, ў полі

Дзікім зеллем, палыном!

Гаспадар на вас паволі

Раніцой не йдзе з канём...

 

Не хапіла сіл жаночых

Глыбей землю заараць,

На загончыках сірочых

Травы сталі красаваць.

 

 

Вось і трэцяе даў Бог лета,

А няма гаспадароў,

Не чутно цяпер да свету,

Як даўней, іх галасоў.

 

Дзе ж вы, дзе, браты-сяляне,

Што нідзе вас не чуваць?

Ды баяцца на пытанне

Межы свой адказ даваць.

 

Сіратою глядзіць поле,

Сумна ўдаль бягуць шнуры.

Хто ж адкажа, што за доля

І дзе іх гаспадары?

 

І трывожна шэпчуць гоні,

На пытанне шэпчуць мне:

«Ці пабіты, ці ў палоне,

Ці скалечаны ў вайне».

 

27/VIII 1916


27.08.1916

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938