epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

«Полымя»

Замест павіншавання з 5-ю гадавінаю

 

Я помню ноч адну ў дарозе:

Глухота, ціш,

І дол і ўзвыш

Ляжалі ў цемрадзі — імжы.

На цёмных ростанях — крыжы,

Бяроза боязна к бярозе

Тулілася ў нямой трывозе,

Лес — у затоенай пагрозе,

І зданню куст быў на мяжы.

Мяне сачылі ўсюды страхі —

Малы я. Цьма,

І зор няма,

І хоць бы голас дзе жывы,

Апроч тых посвістаў савы!

Ляжаць зацята-нема гмахі.

Я чую здушаныя ахі,

І робяць нейкія замахі

Унь тыя цёмныя равы!

Іду гасцінцам між прысады.

Ох, страшна мне

У цішыне!

І раптам — блісь агонь здалёк!

З душы апаў страхоцця мрок,

І зніклі чары чорнай здрады

І шэпты варожай нарады:

Мне песню сонечнай прынады

Спявае ў цьме той аганёк!

Гары ж і «Полымем» чырвоным

Шугні, агонь,

І цемрадзь-сонь

Развей, згані ад краю ў край,

Іскрыся іскрамі, палай!

Нясі святло і тым загонам,

ІІІто засталіся за кардонам,

Дзе брат мой стогне пад прыгонам,

І шлях яму ты асвятляй!

 

[1926]


[1926]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938