epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Прад навальніцаю ўночы

 

Меж Ільёю і Спасам пачынаюцца чуць не кожны год дажджлівыя дні. І дажджы з громам і маланкамі найчасцей выпадаюць уночы. Цэлы дзень парыць, клоніць ка сну. Усё значыць на дождж, хоць неба і чыста і ярка свеціць сонца. А як толькі яно зайдзе, на краі неба зʼяўляюцца хмаркі; скора растуць яны і вылазяць з-за лесу. Грозныя хмары з чырвонымі краямі агромнымі клубкамі ціха і важна націскаюцца на неба. Як толькі сцямнее, пачынае бліскаць маланка, але грому яшчэ не чутно. А хмара ўсё паўзе і паўзе, усё большую і большую займае часць неба.

Уночы маланка мае свой асобны вобраз, сваё хораства і цікавасць; уночы і голас грому мае сваю асобную грозную музыку, поўную нейкага няведамага страху, каторы трудна пераказаць словамі, каторы толькі можна чуці душою, каторым бʼецца сэрца ў нейкім салодкім заміранні і чаканні.

Укруг так ціха: ні ветру, ні шуму, ні гоману трывожнага дня. Спакой і цішыня ночы даюць можнасць праслядзіць грозную і дзіўную музыку грому, як ён родзіцца ў далёкім небе, як крэпне паволі, разліваецца грукатам ва ўсіх кутках соннага свету, над лесам і полем, у гарах і далінах, у безгранічным прасторы высокага неба; як адзываецца яму на зямлі эха сотнямі галасоў; як страшнымі хвалямі садрыгнецца воздух і забразджыць дробным бразджаннем кепска абкітованая абалонка (шыба) мужычае хаты, забразджыць жалобна-жалобна, як горкія слёзы нядолі; як важна пракоціцца ён над зямлёю і памаленьку заціхне недзе ў хмарах...

А маланкі ўсё бліскаюць і бліскаюць. Самы слабы свет яе, каторы не ўбачыш удзень, ясна відаць у цёмную ноч. Вось чаму і навальніца ўночы мае болей грозны вобраз, як удзень. Прыгледзьцеся! Бледна-чырвоныя поласы агню ўспыхіваюць тут і там то аддзельнымі стужкамі, то зліваючыся ў адну шырокую рэку агню. Бляск страшна і борзда разальецца па небе то роўнаю паласою, то крывою вогненнаю рэкаю, то шырока, размашыста і смела блісне ва ўсе староны, усё роўна як разарвецца там, у хмарах, вялікая, грозная лявіна1 агню. І на адзін момант вынікаюць з цемені ночы і купчастыя пярэднія клубы хмар і сівыя кучкі раскіданых па небе, як крыгі па вадзе, хмурак. Цьма разрываецца – выскачыць далёкі лес, гляне круглае поле на ўсю даль, марскануць хаты і гумны, блісне высокая цэрква разам з вянком ліп, клёнаў і бяроз, яе акружаючых, і мільёны лістоў адальюць золатам, і дзіўна хораша абрысуецца зялёны яблык царкоўнае вежы высока ў небе.

 

[1906-1907]

1 У высокіх гарах у снежну зімку бывае, што снег, таючы ў адлігу, пачынае каціцца з гары ў даліну. Чым далей, тым больш збіраецца снегу, і бывае, што коціцца кумяк снегу, большы за вялікі касцёл. Гэта называецца лявіна. А за тым і ўсё вялікае, што, здаецца, можа заваліць, заціснуць усё сабою, называюць таксама лявінай.


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5