epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пракурор

I
II
III
IV


I

 

Рабілася гэта тады, калі не было ні дроў, ні газы, ні солі, а важныя чыноўнікі сядзелі без службы.

Зіма.

Тут можна было б сказаць, як бушаваў на дварэ вецер, як на вокны з чыста маладняцкім задзёрам пёрся мароз, – ну, адным словам, зрабіць апісанне на цэлыя тры рублі шэсцьдзесят чатыры капейкі. Але мне хочацца як найскарэй перайсці да самага «сцержня» (шпяня) справы, а дзеля гэтага я кажу:

– Прападай мае 3 руб. 64 капейкі!

Міхайла Іванавіч Вядзёркін быў важнаю асобаю: ён быў пракурорам! Што ён быў за пракурор, аб гэтым добра ведаюць тыя, каго абвінавачваў Міхайла Іванавіч на судзе. Не любіў Міхайла Іванавіч, калі людзі выходзілі з граніц закону, страх як не любіў!

Пякучы быў пракурор!

Міхайла Іванавіч навальваўся на сваіх ахвяр з усім жарам, з усёю палкасцю свайго пракурорскага красамоўства.

«Забыта чэснасць, забыты прынцыпы маралі, парушаны свяшчэнныя правы ўласнасці!» – грымеў Міхайла Іванавіч.

Мароз прабягаў па скуры падсудных.

А раз адзін з падсудных сялян – судзіліся за аграрныя беспарадкі – таркануў локцем свайго суседа і шапнуў:

– Гад ён, гад! Каб жа людзі былі святыя і не судзіліся, то ты ж першы з голаду здох бы: табе ж бы рабіць тады не было чаго!

І вось цяпер надышоў на яго гэты час безрабоцця.

Хіба ж можна «чэснаму» чалавеку служыць у гэтых расколаў? Гэта адно, а другое – «яны» напэўна і на службу не возьмуць... Да гэтага мала: могуць яшчэ і пасадзіць куды – хіба ж будуць яны лічыцца з яго высокім станам пракурора?

– Эх, шантрапа!

Значыць, самае лепшае, што можна цяпер прыдумаць, – сядзець цішком. Міхайла Іванавіч так і зрабіў. Ён перабраўся ў глухі павятовы гарадок, наняў кватэру і жыве, жыве ў тэй надзеі, што ўся гэта «каша» скончыцца, і тады поле яго чыннасці шырока рассуне свае граніцы, а голас яго, Міхайлы Іванавіча, змоўкшы на некаторы час, загрыміць дванаццацідзюймоваю гарматаю.

Яго можна было прыпадобіць цяпер да таго вандроўніка, якога захапіў у дарозе дождж і які звярнуў з дарогі пад куст, каб перачакаць непагоду. Міхайла Іванавіч сядзеў пад сваім кустом храбра і ўпарта, нягледзячы нават на тое, што цяпер з яго жыцця былі выкасаваны дваццатнікі, а запасы яго падыходзілі к канцу.

Ну, што ж? трэба і пацярпець, на тое ж ён – ахвяра рэвалюцыі. Ды жыццё не без светлых момантаў. Нядаўна Міхайла Іванавіч дачуўся, што Карнілаў уцёк з Быхава на Дон з сваімі вернымі тэкінцамі. Гэта паддавала духу Міхайлу Іванавічу, і ён звысака пазіраў на тое жыццё, якое стварала рэвалюцыя, і на тых, хто кіраваў гэтым жыццём, а ў душы пасмейваўся і думаў:

– Пачакайце вы! Карнілаў на Дон пайшоў не так сабе: вернае прастолу казацтва яшчэ скажа сваё слова. А Карнілаў жартаваць не любіць.

Міхайла Іванавіч пачынаў думаць аб Карнілаве...

Не, сам лёс прызначыў яго выканаць вялікае прызначэнне. Смелы, храбры, ён уцякае з аўстрыяцкага палону, куды папаў ранены, праходзіць пехатой палавіну Аўстрыі, робіцца зноў баявым генералам, камандуе корпусам, потым арміяй, потым становіцца на чале ўсяе арміі, ідзе за Керанскага, але гэты віхляй, бязвольнік, сабачы хвост не падтрымаў смелага чалавека ў патрэбную часіну, сам зляцеў – туды яму і дарога, – Карнілаў пападае пад стражу ў Быхаў. І вось ён цяпер уцёк адтуль!..

Адным словам, Карнілаў – гэта той чалавек, якога чакае Расія, які і можа выратаваць яе з бальшавіцкай няволі.

Міхайлу Іванавічу ўспомніўся несмяртэльны Пушкін і яго словы:

 

 

Он нам твердит о той године,

Когда народной веры глас

Воззвал к святой твоей седине:

«Иди спасай!» Ты встал и спас!

 

 

У Міхайлы Іванавіча выступаюць слёзы ўмілення. Яму робіцца цёпла на душы ад гэтых думак; яму хочацца з кім-небудзь падзяліцца гэтымі думкамі, пагаманіць аб значэнні гэтага факта. А жонцы ён нават сказаў:

– Эх, Аксаначка! шкода, што не салдат: пайшоў бы я ў рады Карнілава.

– Ну, дзе ж гэта відана, Міша, каб пракурор з карабінам хадзіў?

– Не, каб я ўмеў ваяваць, то я няіменна пайшоў бы, – стаяў Міхайла Іванавіч на сваім, у той жа час вельмі рады, што ён не салдат.

Міхайла Іванавіч ідзе на вуліцу, на самую глаўную вуліцу г. N.

Праходзіць праз плошчу. Яна пустая.

Сям-там каля падвалаў стаяць сялянскія фурманкі. На вазах ляжаць мяшкі не то з бульбаю, не то з зярном. Міхайла Іванавіч глядзіць на крамы – зачынены наглуха. Усё як бы вымерла. Дзеравяныя будачкі-крамкі абязлюдзелі. Дзе-нідзе прашнуруе каля іх маркотная постаць спекулянта і прыпыніцца. Як на дарагую магілу, прыйшоў ён сюды, каб пасмуткаваць аб сваёй гандлярскай долі і аддацца ўспамінкам аб мінулым росквіце свайго жыцця.

Душа Міхайлы Іванавіча агортваецца нейкім лірычным настроем. Яму хочацца выказаць спачуванне гэтаму чалавеку – і яго пакрыўдзілі ўсё тыя ж бальшавікі. Але ён стрымлівае высокае парыванне свае душы. Ён у сваім часе адмеціць гэты штрышок у сваёй прамове, калі будзе граміць гэтых адшчапенцаў.

Мінуўшы плошчу, Міхайла Іванавіч выходзіць на вуліцу.

Будынак быўшага земства.

Цяпер у ім другія гаспадары. Тут месцяцца розныя камісарыяты. Каля будынка таўкуцца людзі. Лузгаюць семечкі, спрытна выкідаюць лупінкі і ні на кога не зварачаюць увагі. Нехта нават ухітрыўся стрэльнуць лупінкаю ў нос Міхайлы Іванавіча. Але гэта выйшлася проста так, без удзелу злой волі. Сцены знадворку ўвешаны рознымі плакатамі, лозунгамі, дэкрэтамі, прадпісаннямі, загадамі. На гэтых сценах рэвалюцыя піша сваю волю.

Кідаецца ў вочы загад аб мабілізацыі.

«Эгэ, – думае Міхайла Іванавіч, – ці не Карнілаў ужо вам холаду нагнаў?»

Міхайла Іванавіч ідзе далей, прыглядаецца сваім пракурорскім вокам на ўсё, што выходзіць з асадак законнасці і парадку.

Перад ім доўгі хвост, загнуты адным канцом на вуліцу. Насустрач адтуль ідзе стары. Прафесію яго вызначыць трудна. Ідзе ломанаю, нямоцнаю паходкаю, ногі пастаўлены праўцом, як бы ім абрыдла згінацца за часы свае хады. У адной руцэ хлеб, у другой кацялок з нейкаю страваю.

Стары робіць маленькія крочкі, чуць суне ногі. Ён аступаецца, хлеб вывальваецца на тратуар і рассыпаецца на дробныя кавалачкі. Стары спыняецца, пазірае на хлеб, нешта шамкае губамі, трасе галавою і сярдзіта сунецца далей.

Міхайла Іванавіч зварачае з тратуара, каб абысці хвост. Гарадская галота збілася каля сталоўкі з кацялкамі, збанамі і вёдрамі.

«Вось яна, камуністычная кулінарыя!» – зняважліва зазначае сам сабе Міхайла Іванавіч.

Дайшоўшы да канца квартала, Міхайла Іванавіч прыпыніўся. Тое, што ён тут убачыў, яго і пазабавіла і развесяліла.

На дашчанай агароджы было абрана месца, дзе вывешвалі розныя абвесткі. Паміж другіх дэкрэтаў і загадаў таксама быў наклеен загад аб мабілізацыі. З суседняга двара выходзіць каза і такім жа ўважлівым поглядам, як і Міхайла Іванавіч, аглядае вуліцы. Яна знюхала клей, падышла да абвестак і, стаўшы «дубка» і ўпёршыся пярэднімі нагамі ў агароджу, здзірае зубамі «мабілізацыю» і есць кускі паперы разам з клеем, есць, відаць, з вялікім смакам, аж барада яе трасецца.

Міхайла Іванавіч пускае смех у свае пышныя пракурорскія вусы. Будзе яшчэ адна тэма для смеху. А як пасмяецца а. Мікалай, калі расказаць яму пра казу і мабілізацыю!

У добрым гуморы Міхайла Іванавіч павярнуў налева. Недалёка, каля царквы прарока Ільі, стаяў дом а. Мікалая.

Адзін толькі дробны выпадак папсаваў добры настрой Міхайлы Іванавіча. Каза так усцешыла яго, што ён дастаў папяросу і закурыў. Але не паспеў зацягнуцца разоў пару, як да яго падышоў нейкі невядомы «пралетар».

– Дазволь, таварыш, прыкурыць, – прамовіў ён і нарыхтаваўся прыкурваць.

Міхайла Іванавіч змераў яго з ног да галавы грозным пракурорскім вокам.

– Я з табою красці не хадзіў. Па якому праву называеш мяне таварышам?

Сустрэчны не спасаваў. Ён у сваю чаргу акінуў поглядам пракурора.

– А ты, што ж? больш любіш красці адзін? злодзей-індывідуаліст? Іш ты, буржуяцкая морда!

На гэтым і скончылася іх спатканне.

 

 

II

 

А. Мікалай сядзеў, як кажуць, павесіўшы нос на квінту. Невясёлая была і матушка Кацярына Пятроўна. Можна было падумаць, што яны пасварыліся. Але ўсяму гораду было вядома, што жылі яны згодна.

У чым жа прычына?

Прычына была такая.

Не далей як тры гадзіны таму назад да іх зайшоў квартальны Сівалдайкін. З ім было яшчэ чалавекі два невядомых асоб у шэрых шынялях. Прыйшоў і рэквізаваў мяккую мэблю ў а. Мікалая.

Вось гэтая рэквізіцыя і была прычынаю засмучэння а. Мікалая і матушкі Кацярыны Пятроўны.

А. Мікалай сядзеў некаторы час у глыбокім разважанні і ў смутку. Але ён успомніў многапакутніка Іова, заспакоіўся і сказаў:

– Што тужыць, маці? Бог даў, Бог і ўзяў.

– Даць то Бог даў, а забраў Сівалдайкін, – паправіла яго матушка.

А. Мікалай не захацеў заставацца ў даўгу і заўважыў:

– Гасподзь і сівалдайкіных абірае прыладаю свае кары.

Проціў гэтага матушка не знайшла чаго сказаць, дый казаць не было калі: у дзверы нехта пастукаў. А. Мікалай пайшоў адчыняць, але на ўсякі выпадак запытаўся:

– Хто?

– Міхайла Іванавіч, – пачулася з-за дзвярэй. Твар а. Мікалая прасвятлеўся.

– Ах, гэта вы! – і борздзенька адчыніў дзверы. Міхайла Іванавіч галантна пакланіўся. Здароўкаючыся з матушкаю, мяльнуў, як певень, нагою і пацалаваў у руку.

– Ах, Міхайла Іванавіч, я да таго знервавалася, што кожны стук у дзверы змушае мяне трасціся і дрыжаць.

– І не дзіва, паважаная Кацярына Пятроўна: мы перажываем час находу гунаў, батыевай арды, Тамерлана і ўсяго ў гэтым родзе. Расперазаўся ніз, наверх усплыў Сахалін. Законнасці няма. Капралам можа быць усякі, хто возьме палку, хто не палянуецца яе ўзяць.

– Праўду вы кажаце, Міхайла Іванавіч, – згадзілася матушка, – не толькі законнасці – сумлення няма ў людзей, няма ў сэрцы Бога.

– Божае папушчэнне, яго святое праізваленне: у гневе справядлівым карае ён народ, – панура і ў той жа час пакорліва прамовіў а. Мікалай.

– Мой бацька за апошнія часы зусім галаву страціў: ён гатоў з усім і з усімі пагадзіцца, – з ноткаю нездавалення прамовіла матушка.

– Я толькі застаюся хрысціянінам, – адказаў а. Мікалай. – «Ашчэ хто захошчат судзіціся з табою і ўзяць ад цябе верхнюю адзежу, аддай яму і ніжнюю».

– Да ўжо ж аддаў Сівалдайкіну мяккую мэблю, чаго ж болей?

– Я не аддаваў: ён сам забраў яе... І кінь ты, маці, гаманіць аб гэтым! Людзі яшчэ і не гэтае трацяць.

А. Мікалай забарабаніў пальцамі па стале і сядзеў панурыўшыся.

– Я дзіўлюся перамене вашых поглядаў, а. Мікалай, – сказаў Міхайла Іванавіч, – і няўжо ж вы можаце пагадзіцца з цяперашняю ўладаю? Няўжо вы будзеце «вазносіць» за яе малітвы госпаду Богу?

– Па доўгу і абавязку хрысціяніна я павінен за яе маліцца, у Святым Пісанні сказана: любіце ворагаў вашых, рабіце дабро тым, хто вас ненавідзіць. І далей: усякая ўлада ад Бога, і няма ўлады, якая б была не ад Бога.

– Ну, а. Мікалай, вы проста сталі маладушным: як жа можна маліцца за тых, хто «папірае» нагамі святыні? Маліцца за тых, хто ўрываецца ў ваш дом і забірае ваш набытак?.. А вы ведаеце, што Карнілаў са сваімі вернымі тэкінцамі на Дон уцёк? Вы ведаеце, што ён там збірае казацкія палкі? Вы ведаеце, што вакол яго гуртуюцца афіцэры?

А. Мікалай раптам павесялеў.

– Яно, разумеецца, маліцца за сваіх ворагаў цяжкавата: маліцца тады, калі не ляжыць да гэтага сэрца... І вы напэўна ведаеце, што Карнілаў на Доне?

– Да ўжо і бальшавікі ў сваіх газетах паведамляюць аб гэтым. Мабілізацыю абвясцілі!

А. Мікалай высока ўскінуў шырокім рукавом і моцна стукнуў сябе па калене.

– Вось маладзец! Вось герой! Агонь генерал! За яго я з ахвоткаю памалюся.

А. Мікалай перахрысціўся і благаславіў крыжам Карнілава, абярнуўшыся тварам у бок Дону, хоць гэты Дон быў за тысячу вёрст адгэтуль.

– Памажы табе Божа і святыя ўгоднікі! «Сим победиши!»

А потым, крута змяніўшы малітвенны тон, а. Мікалай павярнуўся ў другі бок, патрос кулаком і сказаў:

– А ты, Сівалдайкін, вернеш – сам прынясеш мне мяккія крэслы!

І весела зарагатаў...

Кароткі зімні дзень ахінаўся мрокам, саступаючы месца ночы. У дамах не хваталіся запальваць агні, бо паліць не было чаго. Лямпы даўно стаялі без ужывання: іх замянялі самадзелкавыя кураўкі рознай канструкцыі. А. Мікалай таксама змайстраваў сабе такую газовачку. Гэта была досыць прыгожая бутэлечка ад матушкіных духоў. У бутэлечку быў усунут корачак, а праз гэты корак прапушчана бляшаная трубка з кноцікам. Але трэба было сядзець вельмі спакойна, бо варта было толькі чуць-чуць чмыхнуць носам, каб патушыць гэтую газовачку. Звычайна ж а. Мікалай карыстаўся асвятленнем пад абразамі. Гэта было танней і Богу прыямней. Масла ж можна было запазычыць у царквы, пакрыўдзіўшы каго-небудзь з угоднікаў. Цяпер а. Мікалай успомніў, што Фядос Чарнігаўскі вось ужо месяц як пазірае ў пустую лампадку.

А. Мікалай падняўся.

– Возжэм свяцільнік госпаду Богу, – прамовіў ён і запаліў лампадку.

Міхайла Іванавіч пры гэтым заўважыў:

– А ведаеце – прыемна гэтае асвятленне: яно ўлівае нейкі спакой і мір у тваю душу... Як гэта сказана ў паэтаў?

Міхайла Іванавіч так і не прыпомніў, як казалі паэты: на парозе зʼявілася новая фігура. Гэта быў настаўнік з прыходскай школы. Школа яшчэ нядаўна была пад загадам а. Мікалая. Настаўнік быў яшчэ досыць малады чалавек, гадоў пад трыццаць, з доўгімі валасамі, у пільчаку з пацёртымі локцямі, у ботах з задзёртымі, як палазы, насамі. Ён увайшоў незаметна праз кухню, спыніўся на парозе, момант пастаяў моўчкі, потым нізка пакланіўся гаспадарам і госцю і сказаў громка, выразна і важна:

– Чмак!

Сказаў і не парушыўся з месца, чакаючы, якое ўражанне зробіць яго «чмак».

– Што вы сказалі, Андрэй Мартынавіч? – спытала яго матушка.

– Чмак! – паўтарыў Андрэй Мартынавіч, а потым растлумачыў: – «Чмак» у перакладзе на мову сучаснасці азначае: чэсць маю кланяцца!

Матушка звонка засмяялася, а бацька толькі злёгку расхіліў свае валасатыя губы.

– А ведаеце, – звярнуўся да ўсіх Андрэй Мартынавіч, – як называемся мы, школьныя работнікі?

– А як, як? – пацікавілася матушка.

– Шкрабы.

– Гэта нешта на манер «швабры», – заўважыў Міхайла Іванавіч.

– Іменна «швабры», – падхапіў а. Мікалай, і жывот яго закалыхаўся ад смеху.

– Вось камедыянты! – зласмешна прамовіў Міхайла Іванавіч. – Не ведаюць ужо, што рабіць, дык давай крывіць мову!

– О, не, Міхайла Іванавіч, – адказаў Андрэй Мартынавіч, – ведаюць яны, добра ведаюць, што робяць, і, трэба аддаць ім справядлівасць, робяць начыстую і гладка.

– А як вы палагаеце: у гэтай рабоце ёсць які-небудзь сэнс? – спытаў Міхайла Іванавіч.

– Вядома, ёсць. Чым, напрыклад, кепска развязана зямельнае пытанне? Царскія міністры думалі-думалі, лысымі парабіліся ад гэтых думак, покі іх, як няздольных, вон не павыганялі. А бальшавікі развязалі гэтае пытанне адным махам: аддалі ўсю зямлю мужыкам і баста. Пан на зямлі не працуе, а працуе мужык, дык няхай і будзе мужыцкая зямля. Проста і разумна. Затым – даўней былі ў дзяржаве прывілеі пэўных станаў, цяпер іх няма: усе станы роўны. А гэта чым кепска? А ўзяць хоць бы школу: школа зроблена даступная для ўсіх, ліквідуецца непісьменнасць... Адным словам, пракладаецца шырокая дарога для вольнага жыцця, а калі часам гэтая дарога не зусім гладкая, дык тут не яны, можа, вінаваты.

– Аднак, вы пачынаеце прасякацца ідэямі бальшавізму, – едка сказаў Міхайла Іванавіч.

– А гэта толькі сведчыць аб тым, што ідэі бальшавізму маюць моцную жыццёвую сілу, бо імі прасякнут народ у сваёй большасці – у гэтым іх сіла. І вы глядзеце: колькі ні рабілася патуг скінуць бальшавізм, нічога не выйшла – яны ўсё скідаюць з свае дарогі, ідуць далей, ідуць і мацнеюць.

– Ну, а як па-вашаму, – уставіла слова матушка, – добра яны робяць, што абразы выкідаюць са школы?

– А што ж тут кепскага? Раз яны ім непатрэбны, дык і выкідаюць.

– Вы яшчэ не запісаліся ў бальшавікі? – спытаў настаўніка Міхайла Іванавіч.

– Не, не запісаўся.

– Чаму? Вы ж зусім разважаеце па-бальшавіцку.

– Паразважалі б вы ў мяне так год таму назад, – сказаў а. Мікалай, нахмурыўшы бровы.

– Год назад былі праклятыя буржуазныя часы, – агрызнуўся Андрэй Мартынавіч.

Ён любіў часамі падражніць а. Мікалая і пракурора. Ён гаварыў то жартліва, то сурʼёзна, але трудна было сказаць, наколькі ўсё гэта гаварылася шчыра.

– Вось мы тут судзім бальшавікоў, – кажа Андрэй Мартынавіч, – у нас тут ёсць пракурор, ёсць адвакат і суддзі, няма толькі самога падсуднага – няма бальшавіка сярод нас.

– Да вы ж бальшавік, – кінула матушка, – нашто ж лепей. Вы знаходзіце, што яны разумна робяць, выкідаючы абразы са школы.

– І робяць грабества, якое яны называюць рэквізіцыяй, – буркнуў Міхайла Іванавіч.

– Не, я не бальшавік, я нават, калі хочаце, іх і не бараню: я самы звычайны рэгістратар фактаў і кажу, калі б тут быў сапраўдны бальшавік, то ён давёў бы нам, што не яго трэба судзіць, а вас; а так, таварышы, ні да чаго не дагаворымся.

– Сівалдайкін вы і больш нічога, – сказаў а. Мікалай.

А Міхайла Іванавіч рукамі замахаў і вушы заткнуў.

– На міласць Бога, не кажэце мне гэтага ненавіснага слова!

– Да вы ж самі, Міхайла Іванавіч, былі некалі таварышам... пракурора. І чым кепскае слова «таварыш»? Не, таварышы, дарма вы накідаецеся на бальшавікоў. Яны энергічны, упарты, паступовы. Іх толькі можна паважаць, у іх трэба вучыцца. І за гэта ўсё я кажу:

– Няхай жывуць бальшавікі!

А. Мікалай нахмурыўся, але з хрысціянскаю пакорлівасцю, уздыхнуўшы, прамовіў:

– Няхай жывуць... покі жывецца. – Міхайла Іванавіч сярдзіта пакусваў вус.

– Ха-ха-ха! – зарагатаў настаўнік. – А. Мікалай! што б вы мне на гэта сказалі, ну, год таму назад? А вы, Міхайла Іванавіч, якую стаццю закону падвялі б мне? А цяпер, вось бачыце – я з вамі спакойна разважаю і нічога не баюся... Вось у чым моц бальшавікоў.

– І ў гэтым трагізм нашага палажэння, – панура прамовіў Міхайла Іванавіч.

– А хто вам вінаваты ў гэтым трагізме? Чаго ж перціся проціў ражна? Ну, чаму ж бы вам не перайсці на службу да бальшавікоў? Прымаюць жа яны і непартыйных, абы толькі чэсна служылі. На вашым месцы я напісаў бы ліст да камісара юстыцыі Стучкі. Так і так. Я быў пракурорам і хачу па сваёй спецыяльнасці юрыста служыць у вас. І будзьце пэўны – прыняў бы вас.

– Ну, свае дарады палажэце ў сваю кішэню, – сурова прамовіў Міхайла Іванавіч.

 

 

III

 

Міхайла Іванавіч не ў гуморы.

Прычына – Андрэй Мартынавіч.

Тфу! каб што людскае, а то «шкраб»!

Хоць адно да добрае слова прыдумалі бальшавікі.

Слова «шкраб» – гэта першы пункт, на якім Міхайла Іванавіч згадзіўся з бальшавікамі. І вось гэты самы «шкраб» чытае яму натацыю – яму, пракурору, перад якім яшчэ нядаўна дрыжала гэтая драбяза! І яшчэ дараду дае – пісаць пісьмо да Стучкі!

Проста – нагласць!

Міхайла Іванавіч прайшоўся па пакоіку.

Холадна.

Цёмны вечар насоўваецца з усіх шчылін. Ён варожа заглядае ў вокны, хоць праз іх нічога не ўбачыш: шыбы густа-шчыльна заснежаны марозам.

Холадна, неміласэрна холадна.

Міхайла Іванавіч падышоў да печы і прылажыў руку. Даўно прапаленая печ, і прапаленая «лёгка», настыла, як жалеза.

– Тфу ты, чорт! Мазгі скора замерзнуць, – прамовіў Міхайла Іванавіч і засунуў рукі ў рукавы пацёртага паліто.

А тут яшчэ жонка больш паддала стравы гэтаму і без таго непрыемнаму настрою.

– Ты ведаеш, Мішанька, у нас вугалькі выйшлі. Ужо не ведаю, як і самавар паставіць.

Ксеня Паўлаўна, адзетая ў забракованую ёю кофту і ў хустцы, мела выгляд далёка не той дамы, якая калісь вальсавала ў салі дваранскага сабрання.

– Міхайла Іванавіч маўчаў.

– Чым ты гэтак засмучаны, Міша?

– Да так, ведаеш... не жыццё, а проста нейкае заалагічнае гібенне.

– Ах, якое ты добрае, трапнае слова сказаў, Міша, іменна заалагічнае гібенне!

Калі Міхайла Іванавіч быў не ў гуморы, то Ксеня Паўлаўна прымала ўсе меры, каб вярнуць мужу спакой душы і адагнаць яго ліхія думкі.

Міхайла Іванавіч ведаў гэтую асаблівасць свае жонкі. Ён нават сумыслу паглыбляў свой песімізм, сваю панурасць, проста пачынаў куражыцца, абы толькі жонка разважала яго, бо яму было прыемна паслухаць, што ён за чалавек.

– Вось вам плады захаплення вальнадумствам: да чаго яны давялі!.. Праўду казаў а. Мікалай: мы пераходзім у звярыны стан, і можа настаць той час, калі мы на чатырох пабяжым у лес і пачнем выць і гаўкаць. Бывала, на сабраннях, на банкетах вяліся гутаркі аб мастацтве, аб музыцы, паэзіі, літаратуры. А цяпер толькі і чуеш, што пайкі, газа, дровы... Тфу, ты чорт вазьмі! Па-настаяшчаму – пусціць бы сабе кулю ў лоб і – баста!

– Ну, што ты, Міша, гаворыш? Хоць бы ты мяне пажалеў. Ці прыстала табе так гаварыць, табе, пракурору Вядзёркіну, таму Вядзёркіну, пры паяўленні якога шапталі дамы: «Вядзёркін! Вядзёркін! наш судовы златавусты!»

Ксеня Паўлаўна ўсміхнулася хітра і мнагазначна.

Міхайла Іванавіч незаметна паставіў вышэй вус, але не крануўся гэтымі словамі.

– Я ведаю, Аксана, што я табе прычыняю боль, але ж зразумей і ты мяне, зразумей маю кіпучую натуру: я не магу глядзець на ўсё спакойна, не магу спакойна перанасіць, як гіне вялікая Расія, і лепш самагубства, чым гэтае гібенне дзяржавы, гэтае заалагічнае гібенне. Лепш сысці са сцэны, як сказана ў Лермантава:

 

 

Не кинувши векам ни мысли плодовитой,

Ни гением начатого труда!

 

 

– Мне здаецца, Міша, рана яшчэ рабіць такія вывады: усё можа змяніцца, змяніцца ў лепшы бок.

– Ну, гэта, друг ты мой, віламі на вадзе пісана, – панура адказаў Міхайла Іванавіч, хоць сам і верыў у гэтую «добрую» змену, – зараза бальшавізму глыбока пусціла сваё карэнне. З кожным днём гэтая зараза шырыцца, захапляе ўсё болей і глыбей станы грамадства.

– Ну, Міша, ты ўсё перабаршчаеш. Зусім гэта не так, як ты мысліш: пераважная большасць інтэлігенцыі, гарадскога насялення ды, напэўна, і большасць сялянства не на іх старане... І я не люблю, Міша, калі ты гаворыш тое, у што ты не верыш. Я стараюся, з усіх сіл бʼюся, каб перажыць гэтае ліхалецце. Я адпусціла прыслугу, сама ўходжваюся, мыю падлогу, сама хаджу на рынак. А ты ныеш, гаворыш немаведама што і толькі расстройваеш мяне.

Ксеня Паўлаўна ўзяла ды заплакала.

Гэта быў яе апошні козыр, свайго роду цяжкая артылерыя, якая звычайна разбівала непрыступныя пазіцыі Міхайлы Іванавіча.

Так і цяпер. Фронт Міхайлы Іванавіча захістаўся.

Ролі мяняліся.

Міхайла Іванавіч уцяшаў жонку. Праўда, прыступаў ён да ролі суцяшальніка не зразу. Даўшы Ксені Паўлаўне некаторы час паплакаць і зрабіўшы некалькі паваротаў, ён ціха падыходзіў да жонкі і клаў на яе галаву руку.

– Аксаначка! Не плач, мілая... Ну, кінь!

Ксеня Паўлаўна адхіляла руку Міхайлы Іванавіча і яшчэ плакала, плакала ціха, як плача праўдзівае гора.

Міхайла Іванавіч глыбока ўздыхаў, каб паказаць, як блізка прымае ён да сэрца жончыны слёзы, і моўчкі рабіў яшчэ некалькі рэйсаў па пакоіку і потым зноў падыходзіў да Ксені Паўлаўны.

– Ну, не плач, мілая. Ты ж ведаеш мой характар... Ну, вядома, я многа чаго сказаў непатрэбнага. Я, разумеецца, не веру ў сурʼёзнасць таго, што я сказаў, – ты правільна заўважыла; можа быць, тут проста адгукнулася мая пракурорская прывычка – даваць волю языку. І ты добра ведаеш, Аксаначка, што калі мой язык і ляпне што часамі, то гэта толькі справа языка, а не сэрца... Ну, не гневайся, Аксанюсенька мая!

Ксеня Паўлаўна ўжо не адхіляла рукі Міхайлы Іванавіча, і шляхам пэўных сямейных метадаў непаразуменне згладжвалася, адганялася.

Ксеня Паўлаўна і Міхайла Іванавіч больш рэальна пераходзяць да разгляду свае эканомікі, і тое, што выявілася на гэтым разглядзе-рэвізіі іх дабрабыту, прышыбла Міхайлу Іванавіча. Нават Карнілаў з яго вернымі тэкінцамі адышоў цяпер на задні план.

І невядома, па якіх ужо законах псіхалогіі ў вушах Міхайлы Іванавіча завярцеўся матыў раманса:

 

 

Забыты нежные лобзанья...

 

 

Так, палажэнне было цяжкае. На дварэ крэпілі маразы, а дроў не было. Не было ў запасе хлеба, мукі, солі. І самае важнае – не было за што дастаць усяго гэтага. Затым – і дастаць было трудна. Трэба было мець, у дадатак да ўсяго, і пэўны спрыт, каб дастаць нават за грошы.

Да і грошы, трэба сказаць, у гэты час не мелі цаны, і імі мала хто цікавіўся.

Усякія гандлёвыя справы засноўваліся на мене. Горад нёс у вёску адзежу, каб выменяць яе на бульбу або той ці іншы сялянскі прадукт. Гэта быў той час, калі старыя дзяды ў сёлах, лежачы на печы і філасафічна сінтэзуючы праявы жыцця, казалі:

– Ага! прыйшоў-такі бот пакланіцца нашаму лапцю.

Цяжкія былі часы!

– Як жа быць? – упалым голасам спытаў Міхайла Іванавіч.

– Ужо і не ведаю, Міша, – азвалася Ксеня Паўлаўна, – ты – мужчына, і ты гэта павінен лепей ведаць.

Міхайла Іванавіч успамінаў, што і праўда ён – мужчына. А калі так, то трэба ж праявіць свой мужчынскі розум. Але як ні тужыўся Міхайла Іванавіч, нічога добрага прыдумаць не мог. Урэшце ён сказаў:

– А ведаеш, Аксана: каб мне сказалі падвесці пад стаццю закону гэтага самага «шкраба», то я гэта жыва зрабіў бы, а вось тут нічога пуцёвага прыдумаць не магу.

Прайшоўся па пакоіку і, павярнуўшыся назад, ён раптам стукнуў сябе па лбе і шпарка падышоў да Ксені Паўлаўны.

– Геніяльная мысль! – у захапленні прамовіў Міхайла Іванавіч. – Давай-ка разгледзім мой гардэроб. Здаецца, у мяне сёе-тое знойдзецца.

– Мысль, паложым, далёка не геніяльная, і я аб гэтым і сама думала.

– Ты не хочаш уступіць мне гонару першынства, – весела сказаў Міхайла Іванавіч, – ну, няхай будзе па-твойму.

Запалілі свечку і сталі перабіраць гарнітуры Міхайлы Іванавіча. Запас іх аказаўся досыць вялікім, што паслужыла прычынаю вясёлага настрою Міхайлы Іванавіча, і ён нават пажартаваў:

– У Еўропе быў толькі адзін чалавек, што мог паспрачацца ў багацці гарнітураў са мною: гэта – кароль Англіі, Эдуард VII.

Гэты перагляд гардэробу быў да некаторай ступені чытаннем гісторыі самога Міхайлы Іванавіча, і гэтае «чытанне» зацікавіла яго і Ксеню Паўлаўну, бо яно жыва напомніла ім малюнак пражытага жыцця.

– Ты глядзі, яшчэ захаваўся мой кандыдацкі пільчак!

Міхайла Іванавіч падняў за каўнер кандыдацкі пільчак, патрос яго і прадэкламаваў:

«Были когда-то и мы рысаками!»

Так, студэнтам быў... Шчаслівыя студэнцкія часы!

 

 

От зари до зари,

Лишь зажгут фонари,

Вереницей студенты

Шатаются!

 

 

– А цяпер, мой друг, ты пойдзеш на базар жыццёвай суяты!

І, як ахвяру жыццёвай суяты, адкінуў яго ўбок.

– А гэта вот – «жылетка» (камзэлька), калі я быў членам акружнога суда.

І «жылетка» паляцела ў адну кучу з кандыдацкім пільчаком.

– А гэта... ну, гэта свайго роду музейная рэдкасць. У гэтым сурдуце я пазнаёміўся з табою, Аксаша. У Вільні гэта было; у магазіне Залкінда з Пятром Антонавічам набіралі. Добрая матэрыя, і лепшыя віленскія краўцы яго шылі.

Сурдут абудзіў у памяці Міхайлы Іванавіча і Ксені Паўлаўны лепшыя рамантычныя ўспаміны, і калі Міхайла Іванавіч намерыўся кінуць сурдут у кампанію з кандыдацкім пільчаком і камзэлькаю, то Ксеня Паўлаўна запратэставала і палажыла яго ў болей пачэснае месца.

Гардэроб быў разгледжан, меней патрэбнае было адабрана.

Аставалася толькі рэалізаваць усё гэта ў прадукты.

Тэхнічную работу па гэтай рэалізацыі ўзяла на сябе Ксеня Паўлаўна; Міхайла Іванавіч абмежаваўся толькі тым, што даў дараду звярнуцца да матушкі Кацярыны Пятроўны. Такім парадкам, чорныя хмары, што былі звіслі над іх галовамі, былі адагнаны, і толькі шпага Міхайлы Іванавіча выклікала пэўныя разважанні. Тут ужо пытанне стаяла ў другой плошчы, пытанне больш этычнага, чым практычнага характару, бо за гэтую шпагу, калі цвяроза паглядзець, у вёсцы не дадуць і гнілой бульбіны.

 

 

IV

 

Прайшоў год часу, год напружанага змагання рэвалюцыі з контррэвалюцыяй. А Міхайла Іванавіч усё яшчэ сядзеў пад сваім кустом. Ён не хацеў зразумець тых праяў, якія адбываліся на яго вачах.

Карнілаў пакрасаваўся нядоўга: дзесь на Кубані ў баі з бальшавікамі ён быў забіт. Каледзін застрэліўся сам. Быў Скарападскі, ды скора паў. Прыходзілі немцы – іх прагналі. Уцяклі з Адэсы французы. Біліся бальшавікі, біліся, не маючы генералаў, і мелі бясспрэчны поспех. Падымаліся бунты: іх зараз жа ліквідавалі. Сяляне падзялілі землі, падзялілі спакойна і не пабіліся. А Міхайла Іванавіч, прызнацца, пакладаў надзеі на сялянскую калатню за панскія землі. Прыходзілася прызнаць, хоць і не хацелася прызнаваць гэтага, што «шкраб» Андрэй Мартынавіч казаў праўду: ідэі бальшавізму пайшлі шырока ў народ. Але некаторыя козыры былі яшчэ ў думках Міхайлы Іванавіча: дзесь на далёкім усходзе і на поўдні вынікалі крывавыя цені контррэвалюцыі: Калчака, Дзянікіна. Міхайла Іванавіч не траціў яшчэ надзеі. Новае жыццё білася навокала яго, чулася ўпартая воля гэтага жыцця, але Міхайла Іванавіч закрываў вочы на яго, і з вышыні ўсё яшчэ свайго пракурорства пазіраў на яго зняважліва.

Прыйшла другая зіма, марозная, снежная.

Міхайла Іванавіч схаваў на ўсякі выпадак у больш патайное месца сваю шпагу. Сурдут, нягледзячы на яго рамантычную прошласць, прыйшлося вынесці «на базар жыццёвай суяты». Жыць станавілася цяжэй. Дасціпныя бальшавікі пралазілі ўсюды, а іх анкеты не давалі жыць спакойна. Не абмінулі анкеты і Міхайлы Іванавіча, хоць ён і на службе не быў.

Запаўняючы анкеты, Міхайла Іванавіч свядома пісаў няпраўду, тую няпраўду, за якую так заядла накідаўся калісь на сваіх ахвяр.

Як бы там ні было, а Міхайла Іванавіч быў ужо далёка не тым пракурорам, якім яшчэ быў год таму назад. Вусы яго павысякаліся, грознасці бадай што зусім не заўважвалася, адным словам, Міхайла Іванавіч набываў від і постаць звычайнага «савецкага» чалавека.

Кватэра Міхайлы Іванавіча была ў канцы вуліцы, тае самае вуліцы, што зараз жа пераходзіла ў шлях. У кватэры быў страшны холад. Ногі качанелі; кроў, здавалася, застывала ў жылах. Апрануўшы колькі можна было апрануць адзежын, Міхайла Іванавіч тым не меней дрыжаў ад холаду. Першы раз пазнаў Міхайла Іванавіч, што такое холад. І бяда была ў тым, што дастаць дроў было вельмі трудна.

Але ў адзін час павалілі сялянскія падводы, нагружаныя дубовымі круглякамі. Але гэта былі дровы для розных устаноў.

Раз, пасля таго як прыехаў такі абоз, Міхайла Іванавіч, узяўшы вядро, пайшоў па ваду. Калодзеж быў унізе, каля рэчачкі. Параўняўшыся з мастком, Міхайла Іванавіч заўважыў досыць ёмкі дубовы кругляк. Кругляк скаціўся пад адкос дарогі і ляжаў у снезе. Міхайла Іванавіч азірнуўся. На яго шчасце нікога не было. Знаходка была важная. Міхайла Іванавіч прысыпаў кругляк снегам, а вечарком, калі ўжо сцямнела, гэты кругляк стаўся поўнаю ўласнасцю Міхайлы Іванавіча.

У гэты вечар Міхайла Іванавіч быў рад. Такую радасць адчуваў ён толькі тады, калі яму далі «статского советника».

Кругляк быў парэзан і паколат. Усё гэта зрабіў сам Міхайла Іванавіч. Работа яго захапіла. Калоў ён паленцы акуратныя, тонкія, каб яны лепей гарэлі. А праз некаторы час Міхайла Іванавіч сядзеў проціў грубкі разам з Ксеняю Паўлаўнаю. Сядзелі, грэліся.

Каб я не баяўся, што мяне палічаць чалавекам набожным, то я тут напэўна сказаў бы, што гэты кругляк быў падсунут Міхайлу Іванавічу не кім другім, як самім чортам, можа і не зусім кваліфікаваным чортам, але ўсё-такі чортам, бо хто ж, як не чорт, мог так насмяяцца з пракурора?

Міхайла Іванавіч сядзеў проціў агню і грэўся. Калі вы хочаце правесці некалькі прыемных мінут, то шчыра вам раю пасядзець каля грубкі, калі ў ёй гарыць агонь. Не сядзіце толькі тады, калі ў грубцы гараць дровы ад такога кругляка, які здабыў сабе Міхайла Іванавіч, бо я баюся, каб не здарылася таго, што здарылася з Міхайлам Іванавічам. Міхайлу Іванавічу было цёпла, настолькі цёпла, што ён скінуў з сябе некалькі адзежын і таксама скінуў шапку. Апошнімі часамі Міхайла Іванавіч не толькі хадзіў у шапцы, але і спаў у ёй, бо ў Міхайлы Іванавіча была досыць пачэсная лысіна (з некаторага часу я пачынаю гаварыць аб лысінах з пэўнаю павагаю). А, як вядома, мароз не любіць лысін, аб гэтым могуць пасведчыць паважаныя лысыя галовы. Дазвольце ўжо мне крыху далей адхіліцца ад «сцержня» расказу і сказаць, што непрыязнь паміж марозам і лысымі жыве ўжо з даўных часоў. І не дарма ж, калі хочуць знішчыць мароз, то лічаць лысых. А з тае прычыны, што лысіны маюць тэндэнцыю няўхільна павялічвацца, можна спадзявацца, што наш клімат зробіцца болей мяккім і нам не прыйдзецца ездзіць на цёплыя воды.

Грэючыся, Міхайла Іванавіч разважаў, разважаў аб вяласці славянскай натуры і яе слабай прыспасобленасці да жыцця. Трэба больш рухлівасці, больш энергіі, гэтай самай дынамікі, і тады шмат лягчэй можна будзе справіцца з нягодамі жыцця.

Гэты дубовы кругляк, што гарэў цяпер у печы, разгортваў перад Міхайлам Іванавічам цэлыя старонкі мудрасці і, урэшце, навёў яго на думкі аб большай актыўнасці. Чаму, напрыклад, Міхайла Іванавіч мёрз, калі мог і не мёрзнуць? Вось сёння ён праявіў пэўную энергію, і цяпер грэецца. Праўда, дубовы кругляк выпадкова скаціўся, выпадкова Міхайла Іванавіч яго знайшоў і скарыстаў, наогул, дубовыя круглякі гэта не тое, што манна нябесная, але...

Ну, як сабе хочаце, а тут без нячыстай сілы не абышлося, бо як толькі ў думках Міхайлы Іванавіча выплылі гэтыя два словы «манна нябесная» і не паспела як мае быць адбіцца гэтае «але», як у яго вачах зусім выяўна вырысаваўся вобраз агароджы павятовага камісарыята асветы.

Гэтую агароджу зрабілі манахі. Агароджа была вялікая, але ўжо запушчаная і мела шмат праломаў. Тут быў манастырскі сад. Цяпер жа ў будынку манахаў заснаваўся камісарыят асветы.

На гэтай агароджы і спыніліся думкі Міхайлы Іванавіча, але пэўных вывадаў з гэтых думак Міхайла Іванавіч не зрабіў.

Печ выпалілася, нагрэлася добра. У гэту ноч Міхайла Іванавіч спаў смачна, а лысіна яго адчувала прыемную цеплыню і лёгкасць. Толькі пад раніцу прыснілася яму, што ў агароджы камісарыята асветы забівалі манахі дзіркі новымі дошкамі, старыя аддзіралі і складалі ў кучу.

Тры вечары і тры ночы грэў і песціў Міхайлу Іванавіча дубовы кругляк, тры вечары калыхаў яго мыслі і спяваў яму песні аб агароджы камісарыята асветы. Вынікам усяго гэтага была разведка гэтай агароджы. Разведка была зроблена тонка і незаметна. Але гэта яшчэ не ўсё: той жа дубовы кругляк вельмі спрытна выканаў ролю агітатара і ўзняў Міхайлу Іванавіча на вышыню пэўнага погляду, які не прызнае свяшчэннага права за прыватнаю ўласнасцю.

На трэці вечар дубовы кругляк згарэў, распаўся на свае складаныя часткі, аб якіх ведае адна толькі хімія. А мароз, як на зло, насядаў і насядаў, і яшчэ большы холад запанаваў у кватэры Міхайлы Іванавіча.

Быў трэці вечар пасля таго, як дагарэў дубовы кругляк. На дварэ гуляла мяцеліца, скавытаў вецер і біў аканіцамі аб сцены. Міхайла Іванавіч адзеўся цяплей, абуў боты з доўгімі халявамі, глыбей насунуў на вушы цёплую шапку, а паўзверх адзежы закруціў ёмкую вяроўку.

Было ўжо гадзін адзінаццаць ночы, калі Міхайла Іванавіч рушыў у паход. Яшчэ з вечара чакалі яго на двары санкі. Міхайла Іванавіч прыслухаўся – поўная глуш, толькі вецер бушаваў, падымаючы белыя слупы. Міхайла Іванавіч спусціўся ўніз з свайго дворыка, перакінуў цераз плот санкі і пералез сам і апынуўся на лузе: луг падыходзіў адным сваім краем да самага горада. У трох чвэрцях вярсты адгэтуль, на горцы, стаяў манастыр з яго будынкамі, дзе і змяшчаўся камісарыят народнае асветы. Міхайла Іванавіч некаторы час блукаў па выгане, намацваючы дарогу.

Месцамі снег быў глыбокі, месцамі паздзімаў яго вецер. Сяк-так Міхайла Іванавіч натрапіў на дарогу. Дарога, здавалася, не адважвалася адыходзіць у поле, а тулілася бліжэй да горкі, на якой раскінуўся гарадок. А можа гэта была і не дарога – хто яе тут разбярэ. Пад торкаю было зацішней. Снег тут ляжаў белым роўным абрусам, і Міхайла Іванавіч падаваўся наперад досыць шпарка, дзержачы кірунак на манастыр і не адыходзячы далёка ад горкі. З непрывычкі было трохі страшна. Зноў прыпомніўся Пушкін:

 

 

Еду, еду в чистом поле,

Колокольчик – дин-дин-дин!

Страшно, страшно поневоле

Средь неведомых равнин!

 

 

Так, было-такі страшна. Але Міхайла Іванавіч загадзя злажыў план свае экскурсіі, прыняўшы пад увагу розныя выпадкі. Калі, скажам, яго спытаў бы хто, куды ён вандруе, то ён адказаў бы, што проста адвозіць санкі інструктару фізічнай працы пры школе, як называліся тады старажы. Міхайла Іванавіч акінуў вокам сябе самога: у гэтым адзенні ён і сам быў цяпер падобен да «інструктара фізічнай працы».

Постаці панурага манастыра і манастырскага саду вырысоўваліся цёмнаю плямаю з перавітага снежным пылам мроку. Вецер шумеў аголенымі верхавінамі груш і яблынь, шумеў жудасна і злосна. Шум гэты зліваўся часамі ў непрыемны дзікі гуд, як бы спяваючы нейкі пахавальны марш над закачанелаю прыродаю.

Міхайла Іванавіч параўняўся з манастыром. Манастыр стаяў на высокай гары над страшным ярам. Гэты яр рабіў яго непрыступным з аднаго боку. Міхайла Іванавіч спыніўся. Цяпер яму стала яшчэ страшней. Зірнуў на манастыр – стаіць, глухі, зацяты, пануры. А вецер на гары калашмаціць палыселыя галовы дрэў і гудзе. Слухаць жудасна! Міхайла Іванавіч для храбрасці злажыў губы трубкаю, але не засвістаў, а так толькі ціхенька выводзіў:

 

 

Ху-ху-ху-ху-ху-ху!

 

 

І ўсё-такі было страшна. Але тут зірнуў яму ў вочы дубовы кругляк, – добра было сядзець і грэцца! Дубовы кругляк як бы падмацаваў Міхайлу Іванавіча. Ён зрушыў з месца, агібаючы спуск з манастырскай горкі. Натрапіў на сцежку і пашыбаваў на горку. Варʼят-вецер наляцеў на Міхайлу Іванавіча і чуць не сапхнуў яго назад. У адказ на такое прывітанне ветру Міхайла Іванавіч прадэкламаваў у думках:

 

 

Смело, братья! ветром полный

Парус мой направил я,

Полетит на быстры волны

Легкокрылая ладья!

 

 

Але «ладья» Міхайлы Іванавіча нікуды покі што не ляцела: стаяў ён, стаялі каля яго і санкі. Падумаў трохі Міхайла Іванавіч. Не: санкі трэба схаваць, пакінуць тут. Агароджа камісарыята народнае асветы – вось яна. Міхайла Іванавіч пайшоў туды без санак. Выбраў найболей глухое месца. Вось і пралом. Міхайла Іванавіч пралез праз гэты пралом у сад.

Ух, як непрыемна! Пачуцці яго і адчуванні перавіліся ў нейкі заблытаны клубок, але разбірацца ва ўсім гэтым не было калі.

Міхайла Іванавіч азірнуўся на ўсе бакі.

Ну, што ж? Каб хто і быў?

Ён проста ідзе садам. Быў у знаёмых і, каб скараціць дарогу, ідзе цераз сад.

Прыслухаўся...

Зноў вярнуўся да пралому, прасунуў галаву і азірнуўся.

Ну, што ж тут такога незвычайнага?

Проста – папрабаваў, ці моцна яшчэ агароджа.

І тут адразу наваліўся Міхайла Іванавіч плячом на дошку.

– Кррах! – затрашчала дошка і зламалася.

Міхайла Іванавіч адскочыў.

Гэтае «крах», што пачулася ад зломанай дошкі, нейк дзіўна адбілася ў вушах і ў свядомасці Міхайлы Іванавіча, прыняўшы вобраз пэўна акрэсленага сэнсу. У гэтым «крах» пачулася Міхайлу Іванавічу крушэнне яго старой, заскарузлай пракурорскай ідэалогіі, крах яго маралі, надзей і чаканняў.

Ад натужання і страху сэрца застукала моцна. І нават чуў Міхайла Іванавіч нейкі гук.

– Кях-кях-кях!

Нібы ў горле аддавалася.

Міхайла Іванавіч борзда адарваў знізу і зверху канцы зломанай дошкі і кінуў на снег.

Прыслухаўся яшчэ...

Нікагутка. Толькі вецер гудзе ў садзе.

Другая дошка падалася яшчэ лягчэй.

Міхайла Іванавіч завіхаўся, нават пэўны спрыт набыў у сваёй зладзейскай рабоце.

Лезлі ў галаву абрыўкі ўсякіх мысляў. Але Міхайла Іванавіч стараўся не замячаць іх. Адна толькі думка надаедна вярцелася ў галаве, вымагала, каб Міхайла Іванавіч звярнуў на яе ўвагу.

«А ты што ж? Больш любіш красці адзін? Злодзей-індывідуаліст?»

І толькі калі Міхайла Іванавіч цягнуў на санках дошкі на сваю кватэру, то яму прыпомніліся некаторыя выразы з яго пракурорскай прамовы:

«Забыта чэснасць, забыты прынцыпы маралі, парушаны свяшчэнныя правы ўласнасці».

Але Міхайла Іванавіч тут жа і папраўку зрабіў да сваіх старых прамоў:

«А якая цяпер уласнасць? Яе няма: яе скасавалі».

Прайшоў яшчэ год.

Міхайла Іванавіч – «савслуж».

На адным зʼездзе, выступаючы з прамоваю, Міхайла Іванавіч казаў:

«Таварышы! Нам, непартыйным, патрэбен быў час, каб перарадзіцца ў сваёй псіхалогіі, каб успрыняць, зразумець і ацаніць глыбокі сэнс Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі».

[1925]


[1925]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6