epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Пыл

Уздоўж пясчанае дарогі,

Дзе гурт авец прагнаў пастух,

Узняўся пыл, нямы, бязногі.

Паветра, поўнае знямогі,

Не скалыхне, стаіла дух.

 

У проразь хвой, бы здань пажару,

Штось грозіць чырвані рука,

І тоіць лес якуюсь мару.

А цёмны ўсход выводзіць хмару

Ды шле зарніцы здаляка.

 

Знікае месячнік двурогі,

І зоркі хмурацца ўгары.

У шатах боязні-трывогі

Маўчаць знямелыя разлогі,

І ў страсе млее дуб стары.

 

Эх, не здарма, відаць, зарніцы

Віхрацца ў хмарах, не здарма.

Чакайце, людзі, навальніцы,

Бо перапоўнены крыніцы...

Чарнее ноч, гусцее цьма.

 

І толькі пыл адзін, маўклівы,

Без страху клопату, наўсхіл,

Плыве, здаволены, шчаслівы,

Бо што яму той лёс імглівы?

Бо не падзеш ніжэй, як пыл.

 

Плыве пылок, бы дым-заслона,

І, асядаючы на дол,

Хавае думку затаёна.

Няма тут роднага загона,

Яму чужое ўсё наўкол.

 

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938