epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Радасць

Ходзіць вецер па даліне,

Ходзіць, павявае

Ды пра радасць мне, дзяўчыне,

Песні напявае.

Разаслаліся шырока

Ветлыя дарогі,

Я ступаю смелым крокам

Без тугі, трывогі.

Выйду, гляну я на поле,

Гляну — усміхнуся:

— Дзе ж такое ёсць раздолле

Для цябе, Гануся?

Зняты межы — знак варожы,

Гмахі — задзівіцца!

Ой ты, поле! Як прыгожа

Ты ў калгаснай світцы!

Дзе ліхое беззямелле —

Гора бацькі, дзеда?

Разам з панскім пустазеллем

Знішчана без следу.

Скасавалі вашу ролю,

Вузкія загоны:

Не прытуліце вы болей

Слёз, нуды, праклёну.

Носіць поле гоман новы —

Жыта жнуць жняяркі,

Рэжа скібы вол сталёвы

Бальшавіцкай маркі.

І гамоняць нашы нівы

Буйным ураджаем.

Ходзіць ён, дружок зычлівы,

Па Савецкім краі!

Хай лепш ворагі-зладзюгі

Не ўчыняюць ліха, здрады, —

Не, не вернуць іх патугі

Праклятага ладу!

 

 

  *

 

Ходзіць вецер далінаю,

Ходзіць каля гаю.

І я вольнай пуцінаю

Іду, дзе жадаю.

Расчынілі мне гасцінна

Ясныя дарогі —

Ідзі ўперад несупынна:

Зняты ўсе парогі.

Я — камбайнер, трактарыстка,

Кіраўнік брыгады,

Я — пілот, парашутыстка,

І мне ўсюды рады.

Я — дырэктар на заводзе,

Аграном, вучоны...

Ці было калі ў народзе

Столькі нам разгону?

І ў сямʼі мне воля вее:

Без царквы, без Бога

Сама выберу сабе я

Друга дарагога.

Дзе ж так вольна ў свеце жыці?

Ці ж не радасць гэта?

Як жа край свой не любіці,

Родны край Саветаў!

 

[1937]


[1937]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938