epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Радзіме і правадыру

(Вершы і песні аб Сталінскай Канстытуцыі)

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX


Читайте,

завидуйте,

я –

гражданин

Советского Союза.

 

У.Маякоўскі

 

 

 

I

 

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня ад сэрца і звонка, як медзь, –

Якую ў жніво пяе ў полі жняя,

Якую ў касьбу пяе ў лузе касец.

Багата ўраджаем,

Зямля расквітнела,

У будучнасць людзі

Ўзіраюцца смела.

Аб Сталіне-сейбіту песня мая.

        А песня з душы і гартоўна, як сталь, –

Якую пяе арлоў горных сямʼя,

Якую пяе пры кавадле каваль.

Арлы-самалёты

Ўсё неба ўзялі,

І волю здабылі

Сабе кавалі.

Аб Сталіне-сейбіту песня мая,

А песня ад сонца, ад зор залатых, –

Якую пяе уся наша зямля,

        Аб сейбіту светлы разносячы слых:

Ён даў для народаў

Асноўны закон,

І дружбу народаў

Навек стварыў ён.

 

 

II

 

Я з гэтаю песняй, як зоры, высокай,

Выходжу ў прасторы дарогай шырокай,

У думках і марах раблю свой абход

На поўнач і поўдзень, на захад і ўсход.

 

Я сам гаспадар неабсяжнай краіны

        І верны слуга дарагое айчыны,

Народу майго гераічнага сын –

Савецкай рэспублікі грамадзянін.

 

Са мною гаворыць, як быццам жывая,

Сагрэтая сонцам зямля маладая,

Імклівыя рэкі, дарог паясы,

Лугі і палеткі, бары і лясы.

 

Увесь гэты скарб незлічона багаты:

Шырокія нівы і светлыя хаты,

Укрытыя лістам і цветам сады,

        Залітыя срэбным святлом гарады,

 

Чыгункі і шахты, палі і заводы,

Глыбокія нетры і плынныя воды.

Высокага неба празрысты блакіт

І гоманы пушчы і шэлест ракіт.

Усё, да апошняй пясчынкі зямлі

На ўзоранай трактарным плугам раллі,

Ад краю – у край, ад заходу – да ўсходу

Належыць майму маладому народу.

 

І скрозь над усім неабсяжным прасцягам

        Жыццё пурпуровым абвеяна сцягам,

Дзе золатам радасці вышыты герб:

У сонечных променях молат і серп.

 

І скрозь наша доля пад сцягам чырвоным

Асвечана Сталінскім мудрым Законам,

Дзе кожная літара – шчасцем для нас,

Гарыць, як крыштальна-агністы алмаз.

 

І вольны народ за жыццё і дзяржаву

Спявае вялікаму Сталіну славу...

 

 

 

  * * *

 

Беларуская краіна,

                Твой шырокі шлях!

Над табою ў зорнай сіні

Палымнее сцяг.

 

Гэта ты упартай воляй

На прастор і шыр

Вывеў нас з былой няволі,

Мудры правадыр.

 

І цвіце мой край чароўных

Пушчаў і азёр

У сямʼі свабодных, роўных

                Маладых сясцёр.

 

Гэта ты рукою дужай

Даў народам мір,

Нас навек зʼяднаўшы дружбай,

Мудры правадыр.

 

І ніякія напасці

Ў самы трудны час

Не парушаць долі-шчасця,

Не падзеляць нас.

 

Мы ідзем адной калонай,

                Бурнаю, што вір,

Пад зарой твайго Закона.

Мудры правадыр.

 

І, сабраўшыся на першы

Незвычайны сход,

У Савет сыноў найлепшых

Выбера народ.

 

Ты да новай перамогі

На прастор і шыр

Нам паказваеш дарогі,

                Мудры правадыр.

 

 

 

III

 

Між кветак і дрэў на заводскім двары

Сышліся у час перапынку сябры.

І я падышоў і прысеў каля іх.

Сябры гаварылі аб справах сваіх.

Прыемна вясновай лагоднай парой

Сабрацца, пагутарыць паміж сабой.

 

Здаецца, яшчэ гэта ўчора было –

Тут ветры гулі, сухазелле расло,

Дзічэлі ў абдымках густой нематы

        Спрадвеку пакрытыя пылам кусты.

А сёння тут цуда стварае народ:

Збудованы сонечны горад-завод.

 

Наўсцяж камяніцы, – іх вырасла шмат, –

Абкружаны шумам кляновых прысад.

З узнятай рукою, як мужнасці кліч,

На плошчы стаіць неўміручы Ільіч.

Ля помніка мудрага правадыра

Вясёлыя песні пяе дзетвара.

 

 

Я помню – нас тысячы гэткіх, як я,

        На працу пазвала краіна мая.

І ў спёку, і ў сцюжу, і ноччу, і днём –

Зямлю абуджаў, не сціхаючы, гром.

Я цэглу за цэглай у сцены ўкладаў,

Я сам сваё шчасце сабе будаваў.

 

Я знаю, што мне беспрацоўным не

быць,

Што голад не будзе за мною хадзіць.

Радзіма! Яна прад вачыма ўстае,

Нам права на працу і радасць дае.

Гляджу на сяброў – на шчаслівых людзей:

Няма ў іх трывогі за заўтрашні дзень.

 

Сагрэтыя сталінскім сонцам вясны,

Былое жыццё ўспамінаюць яны:

Калісь працавалі з цямна да цямна,

А песціла толькі галеча адна.

Цяпер наша праца – і радасць, і чэсць,

А хто не працуе – той і не есць!

 

Прарэзаў блакітную цішу гудок,

        Сябры мае ўсталі, паскорылі крок.

Як добра на поўныя грудзі дыхнуць,

Сваю маладосць баявую адчуць!

І цешыцца сэрца... А хто з нас не рад?

І кожны становіцца зноў за варштат.

 

Зноў коціцца гул гаварлівых машын,

Зноў праца ўскіпае і ўсе як адзін

З любоўю і ўпартасцю гаспадара

Куюць незлічоныя скарбы дабра.

І я між сяброў за варштатам стаю,

        Працую і песню ад сэрца пяю...

 

 

 

  * * *

 

Люблю працаваць я на славу,

Люблю, калі праца кіпіць.

А родная наша дзяржава

Мне права дае адпачыць!

І клікнуць мяне параходы

Праз гоман стэпаў і далін.

Як добра жыць народу

Шчаслівых савецкіх краін.

Я сталінскай ласкай сагрэты,

                Люблю я вандроўнікам быць

І сцежкамі звонкага лета

Прасторам радзімы хадзіць.

Ніколі, ні ў якія годы

Не ведалі гэткіх часін.

Як добра жывецца народу

Шчаслівых савецкіх краін!

Са стрэльбай сваёй за плячыма

Люблю паляваць на зары,

Калі туманамі, як дымам,

        Закрыты густыя бары.

Спраўляць з дзетварой карагоды

Люблю я пад шумам рабін.

Як добра жывецца народу

Шчаслівых савецкіх краін!

Люблю я прыгожасці Крыма.

Каўказскіх аснежаных гор,

Люблю цябе, наша радзіма,

Твой сонцам заліты прастор.

Табе я адданы заўсёды,

                  Я – родны і верны твой сын.

Як добра жывецца народу

Шчаслівых савецкіх краін!

 

 

IV

 

Старая я. Мне шмат гадоў.

Я многа маю расказаць.

Дачок пяцёра, сем сыноў

Мне давялося гадаваць.

 

Сляза па твары пацячэ,

Калі аб днях успомніш тых:

Устанеш досвіткам яшчэ,

        Наварыш поліўкі на ўсіх.

 

Малых – аж цесна у кутку,

Адной іх трэба даглядаць:

На плечы возьмеш, на руку,

На поле пойдзеш жыта жаць.

 

На шнур паставіш таганы,

Дзяцей паложыш, ды адна,

Не разгінаючы спіны,

Сярпом махаеш дацямна.

 

Так замардуешся за дзень,

        Што ледзь ступаеш, ідучы,

Дахаты вернешся, як цень,

Ніхто не скажа адпачыць.

 

Жанчына чахла без пары:

Бяспраўе скрозь, пакуты, здзек.

Сцвярджаў усім закон стары:

Яна – раба, не чалавек.

 

Мінулі чорныя гады...

Спявайце, сёстры, весялей:

Цяпер і яслі, і сады –

        Усё для матак і дзяцей.

 

Шчаслівы дзень! Шчаслівы час!

Наш край, ты казкаю расцвіў!

Вялікі Сталін, бацька наш,

Дзяцей да сэрца прытуліў.

 

Ён мае шмат дачок, сыноў,

На ўсю зямлю яго сямʼя.

Не мала мне, старой, гадоў,

Ды вельмі ганаруся я,

 

Што з ім жыву адной парой,

        Што маладзею я цяпер.

Пілотаў тры ў сямʼі маёй,

Дзве трактарысткі, інжынер.

 

Дарогу кожны адшукаў,

Усіх ён вывеў нас у свет,

Усе правы жанчынам даў –

Іх выбіраюць у Савет.

 

Прымі, настаўнік, ад жанок,

Ад матак, радасных сясцёр

З вясновых кветак наш вянок,

        Абсыпаны агнямі зор.

 

Ты наша сонца! Нам квітнець

Пад ясным поглядам тваім,

Давайце, сёстры, будзем пець

Аб нашым сонцы дарагім!

 

Хай наша песня на усход

Ляціць, як птушка да Крамля...

Як славіць Сталіна народ!

Як славіць Сталіна зямля!

 

 

  * * *

 

Ой, шумі ты, радуйся,

                  Беларускі бор.

Узлятай ты, песенька,

Да высокіх зор.

 

Праляці над гоманам

Спелых каласоў,

Праляці над плошчамі

Шумных гарадоў,

 

Над Масквой-сталіцаю

Сокалам кружы,

Раскажы ты Сталіну,

                  Роднаму скажы,

 

Што жанкі шчаслівыя

Радасна жывуць,

Што яму ад сэрцайка

Прывітанне шлюць.

 

Ой, шумі ты, радуйся,

Беларускі бор.

Узлятай ты, песенька,

Да высокіх зор!

 

 

V

 

Сядзем, сынку, на хвіліну

                  Ды зірнем наўкола.

Час абраць табе пуціну –

Кліча цябе школа.

 

Глянь, арлёнак мой шчаслівы,

На свой шлях прасторны:

Лёг ён, ясны ды жычлівы,

Прамяністы, зорны.

 

Ідзі смела, дзе ты хочаш

І дзе сэрцу люба:

Пала ў вечнасць цемра ночы,

                  Наш прыгнёт і згуба...

 

Не было калісьці ходу,

Выхаду з туману:

Замест школ – астрог народу,

А навука – пану.

 

З нашай працы шмат гімназій

Паны будавалі,

Нас жа, бедных, у сярмязе

У іх не пускалі.

 

З нашых скарбаў, з роднай мовы

                  Учынялі здзекі,

Толькі й чулі нас дубровы,

Поле, луг ды рэкі.

 

Не прасторныя – крывыя

Мелі мы дарогі;

Вандравалі з торбай, з кіем,

Што ні крок – парогі.

 

Вам жа, племя маладое,

Дні вясны насталі –

Даў жыццё вам залатое

                  Родны бацька Сталін!

 

 

Вам, здаровым і вясёлым,

Цвет зямлі Саветаў,

Збудаваны клубы, школы,

Універсітэты.

 

Пра навуку урачыста

У сваім Законе

Сталін сэрцам камуніста

Напісаў сягоння.

 

Вам, вясёлым сакалятам

                  Вольнага народа,

Даў ён шчодра і багата,

Каб дабром валодаць;

 

Каб узброіць вашы сілы

Бальшавіцкай воляй,

Каб наш край чырвонакрылы

Узбагаціць болей;

 

Каб умножыць нашу славу,

Сілу даць айчыне,

Каб мы ленінскую справу

                  Узнялі ў вышыні;

 

Каб узнеслі над зямлёю,

Па-над цэлым светам

Край наш грознаю скалою,

Сонцам-яснацветам.

 

 

 

  * * *

 

Прасвятлелі вочы,

Беларусь, твае.

Аб жыцці шчаслівым

Твой народ пяе.

 

Заквітнелі буйна

Сёлы, гарады, –

Не ясі ты болей

Хлеба з лебяды.

 

Стала ты багатай,

Станеш багацей.

Сталінскія школы

Маеш для дзяцей.

 

Ясныя дзянніцы

Глянулі на нас.

Грымнем дружна песню

Пра вясёлы час!

 

Вольнай Беларусі –

Шырыня, разгон,

Песняю мы славім

Сталінскі Закон.

 

 

VI

 

На чатырнаццаць дзён дамоў

Прыехаўшы з граніцы,

Да дзеда ў госці я прыйшоў,

Як бліскалі зарніцы.

 

Абшар арцельнага дабра

        Мы вартавалі з дзедам.

Ужо чаканая зара

Займаецца над светам.

 

Абходжу разам з дзедам я

Світальныя прасторы.

І мы прыйшлі да ручая.

У небе гаснуць зоры.

 

Умыўся дзед. Звініць вада

Празрыстая, лясная.

Яго сівая барада

        Увесь ручай займае.

 

Ідзем на стан. Паважна ён

Дае наказ калгасны:

Ахоўваць Сталіна Закон –

Радзімы розум ясны.

 

 

Старонкай з кнігі залатой

Здаецца поле дзеду,

Бо Сталін дбалаю рукой

Зямлю засеяў гэту.

 

Праходзіць дзед з кійком сваім

        І мудры сказ чытае,

І кожны колас перад ім,

Як літара жывая.

 

Ідуць унукі жыта жаць

Сцяжынкаю зялёнай,

А мы – на стан – адпачываць

Пасля начы бяссоннай.

 

Турботы дзедавы ў цішы

На хвалях ураджая

Пад жніўны спеў закалышы,

        Радзіма дарагая!..

 

Я ведаю – на цэлы свет

Закон сцвярджае проста:

Жыві, працуй, шчаслівы дзед,

Гадоў за дзевяноста,

 

Жыві ў пашане сярод нас

На славу ўсёй краіне, –

Цябе дзяржава і калгас

Без хлеба не пакіне.

 

На чарнаморскі светлы пляж

        Паехаць маеш права –

Шануе твой працоўны стаж

Савецкая дзяржава.

 

Ахоўвае твае правы

У старасці глыбокай

Закон радзімае Масквы

Пад зоркаю высокай.

 

 

  * * *

 

Калгаснай сялібай

Праходзяць дзяды,

На іхным шляху –

        Маладыя сады.

І яблык з галінак

Здымаюць яны –

І самы даспелы,

І самы буйны.

 

У лес, што сваім

Называлі паны,

Прыходзяць калгаса

Сівыя сыны.

І кошык сплятуць

        Каля светлай вады

І ягад лясных

Назбіраюць дзяды.

 

А там, дзе калісьці

Балота было,

Арцельнае збожжа

Да неба ўзрасло.

І звяжуць дзяды

Залатыя пучкі:

Ад кожнага поля

        Па тры каласкі.

 

Сустрэнуць іх людзі,

Спытаюць: куды?

– Да Сталіна ў госці! –

Адкажуць дзяды.

 

 

VII

 

Ідзе правадыр па бязмежным прасторы,

Спакойны і просты, а вочы, як зоры,

Што променем ясным наскрозь пранялі

І глыб акіянаў, і нетры зямлі.

 

У сэрца ён кожнаму глянуць умее,

        Выполвае злое, разумнае сее –

Вялікі і мудры ў сваёй прастаце,

Дзе гляне, там радасць і слава расце,

 

Адвагай і мужнасцю поўняцца грудзі,

І подзвігі твораць звычайныя людзі,

І край мой – шчаслівы і песняй звініць,

І будзем мы песню грудзьмі бараніць.

 

Навокал нямала драпежнікаў лютых,

І нашыя песні – ім горай атруты,

І точыць ім сэрца зялёная злосць...

        Па смерць сюды прыйдзе няпрошаны госць!

 

Ёсць што бараніць нам і чым бараніцца:

Скала непрыступная – наша граніца,

І пораху хопіць у нас і свінца,

Каб ворагаў знішчыць усіх да канца.

 

І армія наша абута, адзета,

Вялікай любоўю народа сагрэта;

Яе камандзіры – працоўных сыны,

На смерць за Радзіму гатовы яны.

 

Зямля аж гудзе, як ідуць батальёны, –

        Вядзе Варашылаў герояў мільёны,

І кожны – радзімы сваёй патрыёт

І ворагу сэрца прабʼе навылёт.

 

Над хмарамі грозна ракочуць маторы,

Сталёвыя птахі ўзвіліся пад зоры,

Праз вецер і хмары ідуць напралом,

У кожнага – ворагу смерць пад крылом.

 

І я – грамадзянін вялікай краіны.

Яе бараніць у цяжкія хвіліны,

Калі да мяжы падпаўзе гадаўё, –

        І мой абавязак, і права маё.

 

Падхоплены бурным парывам адзіным,

І я разганюся ў палёце арліным

І ворага метка на мушку вазьму,

Каб трапіць у самае сэрца яму.

 

Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім,

Іх прагнасць мы іх жа крывёю напоім, –

Як ворану вышэй арла не лятаць,

Так ворагу нашай зямлі не таптаць.

 

 

 

  * * *

 

На золку рана конь заржаў,

        Баец з пабыўкі адʼязджаў,

З падругай выйшаў за сяло,

Абняў, ускочыў на сядло, –

 

Бывай, краса мая, бывай!

Я бараніць іду свой край.

Бывай!

 

Калі настане грозны час –

Радзіма ў бой пакліча нас,

Я клятву верную даю –

Не быць апошнім у баю.

 

Бывай, краса мая, бывай!

Я бараніць іду свой край.

Бывай!

 

Насустрач буры і агню

Я смела шпоры дам каню,

За шчасце наша, за красу

Фашысту галаву знясу.

 

Бывай, краса мая, бывай!

Я бараніць іду свой край.

Бывай!

 

Чакай – вярнуся жыў-здароў,

Героем я прыйду дамоў.

Сустрэць ты выйдзеш за сяло,

Цябе вазьму я на сядло.

 

Бывай, краса мая, бывай!

Я бараніць іду свой край.

Бывай!

 

VIII

 

Сустракай, мая краіна,

Дзень свой урачысты,

Што ідзе к табе гасцінна,

                  Ясны, прамяністы.

 

Прыбірайся гожа, дбала,

Упрыгожвай хаты:

Каб ты слаўна святкавала

Гэтакае свята.

 

З цемры гнёту, здзеку, гора,

З занядбанай долі

Выйшла сёння ты ў прасторы

Бальшавіцкай воляй.

 

У ясноты дзён праз хвалі

                  Бур, вайны, аблогі

Вывеў Ленін, вядзе Сталін

Вернаю дарогай.

 

У баях з ардой драпежнай,

З панскаю навалай

Стаць краінай незалежнай

Права здабывала.

 

Здабыла ты гэта права

Дружбаю народаў.

Ўсім народам нашым слава!

                  Слава іх паходам!

 

На разлог калгасных гоняў,

На гмах лесу сіні

Пазіраеш ты сягоння

Вокам гаспадыні;

 

На дарогі, што па краю

Носяць шум імклівы;

На балоты, дзе буяюць

Маладыя нівы;

 

 

На паселішчы, на сёлы,

                  Гарады, заводы

І на свой народ вясёлы,

На яго прыгоды.

 

Дык выходзь, мая краіна,

Як сястра да брата,

Высылай дачку і сына,

Свой народ, на свята!

 

Грамадой, як сталь, зʼяднанай

Вышлі самых лепшых,

Самых шчырых і адданых

                  У парламент першы,

 

Каб усё сваё старанне,

Волю, сілу, мэты

Аддалі на красаванне

Сталінскіх Саветаў.

 

 

 

IX

 

Табе, правадыр, мае песні і думы

І шчырыя шчырага сэрца парывы!

Бо хто калі сніў ды і хто калі думаў,

Што буду я вольны, што буду шчаслівы.

 

Бо хто калі думаў, што я жыці буду,

        Як птушка, як вецер над нівай квяцістай,

І дзівам дзівіцца вялікаму цуду,

Што вокал мяне так цуднее ўрачыста.

 

Што ты, правадыр, нібы яснае сонца,

Мне вочы адкрыеш на землі і неба...

Свяціся ж ты, сонца, ў маё век аконца!

Вітаю цябе я і соллю, і хлебам.

 

Ісці ўперад будуць вякі, пакаленні,

Законы ж твае, нібы светач нязгаслы,

Шляхі асвятляць будуць светлым імкненнем,

        Знішчаць рабаўласніцтва трухлыя праслы.

 

Тваіх, правадыр мой, законаў асновы,

Тваёй Канстытуцыі мудрыя сказы

Грудзьмі бараніць у змаганні суровым –

Мой гонар вялікі і мой абавязак.

 

Табе, правадыр, мае песні і думы

І шчырыя шчырага сэрца парывы!

Бо хто калі сніў ды і хто калі думаў,

Што буду я вольны, што буду шчаслівы!

 

 

Янка Купала, Якуб Колас,

Андрэй Александровіч, Пятрусь Броўка,

Пятро Глебка, Кандрат Крапіва,

Аркадзь Куляшоў.

 

Май, 1938


05.1938

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4