epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Развітанне

Разышліся мы у трывожны час

Пад напевы сірэн і матораў.

Ясны летні дзень плыў на захад, гас,

А наступны прарочыў нам гора.

 

Падымаўся дым. Грозны бляск, як кроў,

Слуп агністы выводзіў за хмары.

Пад павевамі гразавых вятроў

Горад тлеў у злавесным пажары.

 

Я на ўсход пайшоў, ты ж павёў свой шлях

        Па знаёмай мясціне ступою.

Развіталіся, і сляза ў вачах

Заблішчала тужлівай расою.

 

І не знаем мы адзін аб адным

Нічагусенькі, дружа зычлівы!

Як салодак мне родных хатак дым,

Араматы лясоў нашых, нівы!

 

Як бы я хацеў паглядзець, зірнуць

На чароўныя родныя гоні,

І паветрам іх яшчэ раз дыхнуць,

        І да іх прыхіліць свае скроні!

 

І не будзе мне ні на момант-міг

Ні спакою, ні радасці, браце,

Покі вораг злы, зграя псоў чужых,

Чыніць ліха-бяду ў нашай хаце.

 

Ды дзе б ты ні быў, што б ні стала з табой,

Помні толькі адно, мілы дружа:

  Падымай народ, кліч, вядзі на бой,

Няхай ворага душыць, як вужа.

 

Каб пазнаў, адчуў, як наш гнеў вялік,

        Як мы любім свой край і свабоду,

Каб навекі смерць там знайшоў гвалтаўнік

І каб нам больш не знаць яго зроду.

 

19/VII 1941


19.07.1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945