epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Роднае поле

Поле убогае, поле пясчанае!

Нудна лягло ты між гор і лясоў,

Потам абмытае, ўдоўж пааранае...

Колькі каменняў, а колькі пяскоў!..

З пылам сыпучым, з пяском і з туманамі

Вецер над полем не раз пралятаў,

Па-над магіламі, па-над курганамі

Сумныя песні у суш ён спяваў.

Многа тут працы і поту гарачага,

Сілы, здароўя мужык палажыў!

Жніва надыдзе – і жаць нам няма чаго:

Ніву пустую драсён заглушыў.

Поле убогае, поле пясчанае!

Кепска ты плаціш за працу людзям:

Злітае потам, слязьмі абліванае,

Дзікае зелле прыносіш ты нам!

 

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910