epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Роднаму краю

Да 25-й гадавіны БССР

  Мой край ясназоры! Прайшоў ты нямала

Шырокіх і вузкіх дарог.

І смутак, і гора цябе абнімала,

Ды ты іх пазбыў, перамог.

 

  Ішлі мы ў прасторы шырокай пуцінай,

Як сейбіты згоды, дабра;

 

Свяцілася неба над полем, далінай,

У іскрах світання — зара.

 

Купаліся далі ў ласкавай сінечы,

                Нас вабілі новыя дні.

Зямля разгарнула магутныя плечы,

Прасторы, куды ні зірні.

 

Гайдаліся пожні, як хвалі на ветры,

Сады маладыя цвілі,

І сталі балотныя дзікія нетры

Дзівотамі новай зямлі.

 

І новыя песні ў народзе звінелі,

Як голас юначкі-вясны,

І засевы шчасця вакол зарунелі —

                Збываліся мары і сны.

 

Ды хлынула плойма грабежнікаў дзікіх,

Разбурыла, край мой, цябе,

І вецер сягоння пад стогны і крыкі

Сумуе з табою ў журбе.

 

Мой край ясных даляў! У дзень навагодні

Прымі з пажаданнем прывет,

Каб сонца і зоры з глыбіняў усходніх

Свяцілі святлом добрых лет;

 

Каб трупамі леглі ўсе псы-душагубы,

                Фашысцкі звярыны бярлог;

Каб подлыя каты, як іхнія кубэ,

У дом свой не мелі дарог.

 

Мой край яснавокі і вы, людзі-брацці!

Распалім жа помсты пажар,

Фашысцкую погань, народаў пракляцце,

Зніштожым, як гадаў-пачвар.

 

17/ХІІ 1943


17.12.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945