epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Роднаму краю

Жаль і крыўда разбірае,

Горач сэрца разʼядае,

І бунтуе кроў,

Што над роднаю старонкай

Вісне ночы змрок пялёнкай,

Вісне ад вякоў;

Што няма парадку, ладу,

Што ў хвасце другіх мы, ззаду,

Без дарогі йдзём;

Што чужы грэх выкупляем.

За каго ж мы, запытаем,

Цяжкі крыж нясём?

.................................

Непрытульна дзе і цёмна

І дзе смерці ўзмах агромны,

Першыя мы там.

Дзе найгоршыя дарогі,

Дзе штогод растуць астрогі, —

Перша месца — нам.

А ў чым можна пахваліцца,

Пазайздросціць, падзівіцца,

Там нас не шукай.

Асмеяны і абдзёрты,

Ва ўсім добрым ўзад адцёрты

Ты, наш родны край.

 

 

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938