epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Родныя малюнкі

Бітыя дарогі,

Цьмяныя пуціны,

Вольныя разлогі,

Ўзгоркі і даліны...

Белыя бярозы,

Пышныя таполі,

На балотах лозы,

Вербы сярод поля...

Рэчкі і азёры,

Мурагі, чароты,

Ціхія прасторы,

Лес, гаі, балоты...

Вас не пералічыш,

Не акінеш вокам,

Голасам не склічаш,

Вас не змерыш крокам!

Ды ляглі над краем

Хмары-навальніцы,

Рубяжоў няма ім,

Ім няма граніцы!

Выйдзеш ты ў дарогу,

Даль цябе жахае

І малітвы Богу

Ў сэрцы выклікае.

Ёсць у гэтай далі

Хараство і чары;

Ўзнімуць цябе хвалі,

Засмяюцца мары.

Ты ідзеш, бажаеш,

Повен ты надзеі,

Ды не прачуваеш,

Дзе твае зладзеі.

Наплывуць туманы

Горкае нядолі,

І куюць кайданы

Цяжкае няволі.

Ты ідзеш скрозь церні

Ўперадзе — каменні,

Сееш праўды зоркі,

Разбіваеш звенні

Ланцуга ліхога,

Скованага злымі.

Цяжкая дарога:

Ты апутан імі!

Радасць ты пачуеш,

Як ланцуг парвецца,

Ды ты зноў гаруеш –

Зноў звяно ўпляцецца.

Ў шнур агідлы гора,

Што канца не мае,

І цяпер, як ўчора,

Сэрца смутак знае.

Кавалі другія,

А ланцуг той самы

Песні ўсе старыя

Неаджытай гамы.

 

 

20/VIII 1921


20.08.1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938