Якуб Колас

Родныя вобразы

Вобразы мілыя роднага краю,

    Смутак і радасьць мая!

Што маё сэрца да вас парывае?

    Чым так прыкованы я

 

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,

    Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

    Поўныя сумнай красы?

 

Толькі я лягу і вочы закрыю,

    Бачу я вас прад сабой.

Ціха праходзіце вы, як жывыя,

    Зьзяючы мілай красой.

 

Чуецца гоман мне сьпелае нівы,

    Ціхая жальба палёў,

Лесу высокага шум-гул шчасьлівы,

    Песьня магутных дубоў...

 

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,

    Родныя вёскі і люд,

Песьні цягучыя, песьні пакутныя!..

    Бачу і чую вас тут.




Крыніца: http://www.rv-blr.com/vershu/view/7

Беларуская Палічка: http://knihi.com