epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Рыгорава памылка

Рыгорка – хлопчык здольны, бойкі і вельмі ганарысты, хаця яму ўсяго восем год. Ён не любіць, як іншыя гарэзнікі яго ўзросту, крыўдзіць слабейшых, але затое і сам не даецца ў крыўду.

Калі надышла залацістая восень, Рыгорку завялі ў школу. Дзень быў яркі, сонечны і цёплы. Вераснёўскае паветра пахла апʼяняючай свежасцю. У грудзях адчувалася нейкая лёгкасць і трывожная радасць. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Усе былі апрануты па-святочнаму: чысценька і прыгожа. Адчувалі сябе шчасліва і весела. Кожнаму хацелася паказаць свае абноўкі і веды, набытыя за лета. Больш за ўсіх гэта рупіла Рыгорку, які ад радасці не мог уседзець на месцы і пры кожным запытанні настаўніцы падымаў руку. Але настаўніца выклікала іншых вучняў і не звяртала на яго ніякай увагі. Гэта вельмі крыўдзіла хлопчыка. Чорныя яго вочкі гарэлі, як вугалькі, і смуглыя шчокі сарамліва ружавелі.

Невядома, чым бы скончыўся першы дзень заняткаў для Рыгоркі, калі б настаўніца не выклікала яго чытаць. Здарылася гэта на апошнім уроку, якраз тады, калі хлопчык страціў усякую надзею вызначыцца. Спачатку ён збіваўся і ледзь чытаў; здавалася, не хапала паветра ў чыстым і светлым пакоі, але хутка трывога ўляглася, і ён з захапленнем прачытаў некалькі старонак. Настаўніца з срабрыстымі скронямі, клапатлівая і строгая жанчына, доўга глядзела на Рыгорку сваімі ласкавымі вачыма, а потым прамовіла:

– Сядай, прыйдзецца перавесці ў другі клас...

Хлопчык не ведаў, што рабіць, стаяў і чакаў чагосьці, пакуль настаўніца не сказала больш строга:

– Ідзі і сядай на месца.

Гэта канчаткова збянтэжыла хлопчыка. Ён пайшоў і ціхенька сеў за сваю нядаўна пафарбаваную парту, на якой яго прыяцель Яша паспеў ужо напісаць сваё імя.

Толькі на другі дзень хлопчык зразумеў, у чым справа. Яго перавялі ў другі клас. Радасці не было канца. Хацелася яшчэ больш бегаць і сваволіць, але прыходзілася стрымлівацца: цяпер ён у другім класе.

Першыя дні заняткаў ішлі добра. Рыгорка заўсёды прыходзіў у школу падрыхтаваным. Адказваў урокі смела і выразна. Настаўніца другога класа Лідзія Пятроўна не магла ім нахваліцца і ставіла Рыгорку ў прыклад іншым вучням. Але хутка выявілася адна цікавая акалічнасць. Хлопчык умеў чытаць і не мог пісаць. Замест прапісных літар выходзілі друкаваныя або нейкія нязграбныя крывулькі.

Лідзія Пятроўна, не ведаючы ў чым справа, пасля праверкі пісьмовых прац паказала яго сшытак усяму класу, сказаўшы:

– Хіба так пішуць? Адны выкрунтасы, прачытаць нават нельга.

Хлопчык, пачырванеўшы, як печаны рак, маўчаў. Яму было вельмі сорамна, ён ледзь дасядзеў да канца заняткаў. А на другі дзень зусім не зʼявіўся ў школу. Ён рашыў навучыцца пісаць сам. Кожную раніцу хлопчык акуратна збіраў свае кніжкі і сшыткі і ішоў на цэлы дзень куды-небудзь у патайное месца. Там, схаваўшыся ад усіх, ён вучыўся пісаць.

Вечарам, калі вучні прыходзілі са школы, Рыгорка таксама вяртаўся дамоў. Цяпер ён не хадзіў да таварышаў, а сядзеў да позняй ночы і ўсё пісаў і пісаў.

Невядома, як доўга цягнулася б гэтая гісторыя, каб аднаго разу адвячоркам не прыйшла да іх настаўніца.

Прывітаўшыся, яна запытала:

– Як здароўе хлопчыка?

– Нічога, дзякую, стараецца, – адказала Рыгорава маці, усаджваючы настаўніцу.

У хаце было чыста і акуратна. На вокнах віселі прыгожыя фіранкі, на стале ляжаў чысты, белы абрус. Настаўніца акінула ўсё вокам і засталася задаволенай чыстатой у хаце і гасціннасцю гаспадыні, якая была таксама ўдзячна Лідзіі Пятроўне за добрыя адносіны да сына.

Хлопчыка якраз не было дома. Дзве жанчыны доўга гутарылі паміж сабой і толькі на развітанне настаўніца запытала:

– Калі ж хлопчык прыйдзе ў школу?

– Як у школу, хіба ён не ходзіць?

– Не ходзіць, мне перадалі, што ён захварэў.

– Што вы, мая даражэнькая!..

У гэты момант уляцеў у хату вясёлы і радасны Рыгорка. Дзед Яхім пахваліў яго за напісаныя дошчачкі для маладых прышчэп у садзе. Цяпер з яго больш не будуць кпіць. Але, убачыўшы настаўніцу, ён гатоў быў праваліцца ад сораму праз зямлю. Хацеў кінуцца за дзверы, але маці затрымала. Прыйшлося ва ўсім прызнацца.

[1940]


[1940]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 6