epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сабе і сваім равеснікам

Ідуць за падзеяй падзеі,

За годам праходзяць гады.

Зірнеш на сябе, дабрадзеі, —

Эх, дзе ж ён, твой час малады?!

Глядзіш — насядаюць маршчыны,

У вусах блішчыць сівізна...

Калі, ну калі вы, часіны,

Зрабілі старога з блазна́?

Няма тае лёгкасці, спрыту,

Бурчыш, асуджаеш грахі:

Гарэзнасць свая ўжо забыта,

Цішэеш, як вечар глухі.

Звычайная, простая зʼява,

Закон адзінакі для ўсіх,

А ў люстра зірнеш — нецікава,

Няўзнак засумуеш на міг.

Ды чорт яе, з той сівізною:

Хай лысіна свеціць, як блін,

Ты ж клыгай старэцкай ступою,

А думай — мне дваццаць адзін!

 

13/ХІІ 1936


13.12.1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938