epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Савецкай Арміі

Пад Новы 1949 год

На свеце спакою няма:

Выпоўзае гад з небаскроба

І сыкае спрут цвёрдалобы,

Апостал крыві і ярма.

 

Падпальшчыкі новай вайны,

Злавесныя цені-пачвары,

Употай рыхтуюць пажары,

Народам куюць кайданы.

 

Не міл ім савецкі размах,

          Што гніль іх старую змятае,

Ды ўсё ж наша праўда святая

Узніме над светам свой сцяг.

 

Замах жа іх марны, пусты:

Прад цёмнаю сілаю злою

Стаіш непарушнай скалою,

Савецкая Армія, ты!

 

Ад сэрца ўсяго, ад душы

Вітаю цябе з Новым годам!

На шчасце, на радасць народам

        Ахоўвай жа іх рубяжы.

 

19/ХІІ 1948


19.12.1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4