epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Савецкія годы

Кожны год наш – гэта волат,

Дойлід мірны, сейбіт новы,

Воін грозны, што гатовы

Збіць з народаў рабства ковы,

Повен волі, дуж і молад.

 

Крок іх цвёрды, смелы, ўдумны,

След іх – памятка патомкам...

Не спыніць пустым абломкам

Поступ к праўдзе, яснай, громкай, –

        У свет новы і разумны.

 

Азірну я шлях далёкі,

Што прайшлі мы ў нашы годы –

Змяты «контры», перашкоды,

Разгарнулі моц народы,

Узняліся пад аблокі.

 

Хто не бачыць іх сягоння?

Хто не чуе іхняй сілы?

Нават Чэрчыль, змей бяскрылы,

На краю труны-магілы

          Пра іх з злобаю гамоніць.

 

Няхай гады з Уол-стрыта

Точаць-востраць на нас дзюбы –

Нам яны шукаюць згубы.

А ткнуць нос к нам – дамо ў зубы,

А палезуць – будуць біты.

Ёсць адзін шлях верны ў свеце;

Той, што ленінскім праменем

Свеціць ярка пакаленням,

Шлях, што зоркі Сталін-геній

        Славай увянчаў-расквеціў.

 

Множцеся ж вы, нашы годы!

Узрастайце, нашы сілы!

Шырай, вышай, нашы крылы!

Кроў, паўней бяжы па жылах,

Нашу моц гартуй заўсёды!

 

да

[6 лістапада 1948]


[06.11.1948]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4