epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Савось-распуснік

I
II
III
IV


I

 

Вось што, дзеткі, мае краскі:

Што хадзіць за многа міль?

Можа лепей замест казкі

Расказаць вам адну быль?

Згодны?

Добра.

Ну дык вось:

Зваўся хлопчык наш Савось.

Ой, і быў жа ён дураслівы!

У сад лазіў па грушы, па слівы,

Дзіркі ў градах рабіў —

Моркву вырваць любіў,

І маку ён скручваў галоўкі,—

Ну, на гэта быў страх які лоўкі!

А рукі ў яго не мыты,

А сам ён сярдзіты,

Такі задзірака,

Такі забіяка,

Буян,

Грубіян.

Зачэпіць старога,

Пакрыўдзіць малога, —

Такі ўжо нягоднік,

Ды гэтакі шкоднік!

Бегаў загуменнямі,

Кідаўся каменнямі,

Пападаў у шыбы, —

Хоць гані з сялібы!

Меў на зло смякалку, —

Зніме з вежы галку,

І такі гарачка,

Няхай яго качкі!

 

 

II

 

У Савосева суседа

Быў пярэсценькі каток,

Выхаванец Паўла-дзеда,

Такі слаўны пестунок!

Нос чарнявы,

Хвост бялявы,

Задзірасценькі;

Кіпцік-шчыпчык

Заграбасценькі;

Лапкі-драпкі

Машастовыя,

А шарсціначкі

Шаўковыя;

Губкі, зубкі

Адмысловыя;

Вусы-русы

Патырчастыя;

Тая спінка,

Як націнка,

Выгінастая.

Вушкі-слушкі

Не мыляюцца,

Вочкі ў ночку

Запаляюцца.

Ну, такі каток харошы,

Як драпянка за тры грошы!

Хадзіў коцік пад масток,

Лавіў рыбку за хвасток,

Потым дзеду ён на печы

Казкі-байкі варкаваў,

Белым хвосцікам дарэчы

Тахты спевам адбіваў.

Коцік з дзедам жыў у згодзе,

Не сварыліся за печ.

Быў раз коцік на паходзе —

На мышэй падняў ён меч!

Шоў каток з паходу,

Разагнаўшы мышак,

І сеў на калоду

Пад стрэшку ў зацішак.

Грэе сабе спінку,

Мордачку і лапкі.

Зірк — Савось з будынку

Выскачыў без шапкі!

За Савосем — Рудзька.

—Кусі ката, цюцька!

Коцік бедны ўвесь жахнуўся,

Ды на шчасце быў тут плот,

А пры плоце дуб, — і кот

Толькі фыркнуў, мільгануўся

І на дубе апынуўся.

Сеў каток

На дубок,

Кажа забіякам:

—Эх, Савось, шалапай!

Ты мяне не чапай

І не цкуй сабакам!

Не ўдалося Савосю

Катка падкусіць

І прыйшлося Антося

На помач прасіць.

 

 

III

 

Вось Савось

І Антось

Сталіся дружакі.

Каля клуні стаяць,

На ліхое таяць,

Закідаюць знакі,

Як злавіць ім катка

І аддаць з малатка

Рудзьку на расправу.

Падшывальцы ж яны,

І іх розум дурны

Выдумаў забаву!

А па тэй нарадзе

Саўка торбу крадзе,

Анцік — хлеб сабаку.

А каток на печы

Сеў, як той старэчы,

Яму і не ў знаку.

Эх, пярэсценькі каток!

Сцеражыся ты, браток!

Не хадзі ты па надворку,

Не хадзі гуляць на горку —

Там бяда цябе чакае,

Сам не ведаеш якая.

Асцярожненька хадзі,

За Савосем ты глядзі,

Бо Савось замысліў штось,

Нездарма з ім і Антось.

 

Затаіўся ў кутку

Наш Савось і катку

Замаўляе зубы

Для кацінай згубы:

«Ах ты, коцічак мой!

Які файны ты, ой!

Што за спіначка!

Ну, карціначка!

Ідзі, коцік, да мяне,

Не пакрыўджу цябе, не!

А якія вочкі!

Бачаць сярод ночкі.

А якія лапкі!

Ды як яны цапкі!

Ах ты, мой каточак,

Чорненькі насочак!

Ідзі ж, коцік, да мяне:

Не пакрыўджу цябе, не».

 

Яўкнуў коцік, выгнуў спінку,

Хвост падняў, як корбу,

Але ў тую жа хвілінку —

Шусь каток у торбу!

 

 

IV

 

І катка панеслі ў поле,

А там чыста — ні кусточка,

Ні хваінкі, ні дубочка,

Адны межачкі ды ролі.

Няма дзе катку схавацца:

Чуць сінее лес далёкі,

І сяло за тры валокі, —

Як катку там ратавацца?

 

Плача ў торбе коцік, плача:

—Мяў, мне душна! Мяў, мне цесна!

Бʼецца сэрцайка балесна,

Бо мне грозіць смерць, няйнача!

 

Кот бурчыць і гурчыць,

Лапамі дзярэцца,

А Савось хоць бы што —

Цешыцца, смяецца.

— Ну, спыніся, Антось,

Падзяржы сабаку:

Толькі выпушчу ката,

Цкуй тады ў атаку.

Адышоўся Савось,

Анцік прытаіўся,

І тут коціку астрог

Раптам адчыніўся.

З торбы выскачыў, прысеў —

Трэба ж разглядзецца.

Зірк — там Рудзька! Што рабіць?

Дзе яму падзецца?

— Цкуй! Пускай! — крычыць Савось.

—Кусі ката, Рудзька!..

Ша! чаго ж так закрычаў

Наш Савось нялюдска?

Глянуў Анцік — вось дзівота!

Вось дзе ліха, вось бяда!

Што зрабіла ім дурота

І што сталася з ката!

Вось папаліся дзе змоўцы —

Проста шкода малышоў:

На Савосевай галоўцы

Коцік схованку знайшоў!

Лямантуе бедны Саўка,

Ашалелы, чуць жывы:

Кот упіўся, ну, як пʼяўка,

І не знімеш з галавы!

Запусціў кіпцюр у скуру

Аж да самае касці.

Скача Саўка з таго дуру

Ды крычыць: «Пусці! Пусці!»

Рудзька круціцца навокал,

Брэша, цапае катка.

Ай, Савоська, ты мой сокал!

Справа дрэнна і брыдка!

        Ой, нагараваліся,

        Ой, бяды набраліся

        Хлопцы з тым катом!

        З поля як вярталіся,

        Людзі з іх смяяліся,

Ды дружна, гуртом.

Шоў Антось уперадзе,

Рудзьку вёў на прывязі,

Пазіраў уніз,

А Савось наводшыбе,

На галоўцы з коцікам,

Шэпчучы: «Кіс-кіс!»

І хоць ён не піянер,

А чырвоны меў каўнер.

 

21/Х 1926


21.10.1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938