Нясе маці з яслей сына,
Песціць яго, туліць
Ды варкуе з яснай мінай
Так, каб іх не чулі.
«Брыгадзір ты мой удалы,
Цвецік свежы макаў!
Як цябе там даглядалі?
Мо ты ў яслях плакаў?
Не? Не плакаў? Малайчына,
Мой калгаснік слаўны,
Мой ударнік, хват-мужчына,
Трактарыст упраўны.
А я ў полі прыбіраю
Жыта ў перавяслы
Ды сама сябе пытаю:
Як мой сын у яслях?
А сынок мой — чысты, мыты,
Маладзічок ясны!
І расчэсаны, глядзі ты,
Кудраў яго пасмы.
Вот мой сын які шчаслівы,
Як аб ім тут дбаюць!
Бо ты ж рунь калгаснай нівы
У Савецкім краі.
А налета мы адчынім
Яшчэ й сад дзіцячы.
Вось дзе будзе рай хлапчыне!
Вось дзе ён заскача!
А там цацак — падзівіцца!
Ды якія цацкі!
Ты з іх зложыш дом з святліцай,
Клуб змайструеш хвацкі.
Падрасцеш — вучыцца будзеш,
І чым далей — болей,
А кім быці, сам рассудзіш
Сваёй добрай воляй.
Можа будзеш інжынерам,
Можа аграномам,
Бо ж нам вольны ўсюды дзверы,
Дома і за домам.
Можа будзеш лётчык смелы,
Каб у небе плаваць
Ды прастор яго знямелы
Поўніць лётнай славай.
Праляціш над нашым полем
Ты на самалёце,
Калі я там, мой саколю,
Буду на рабоце.
Загудзе машына ў небе
Пераможна-звонка,
Схісянецца збожжа ў глебе,
Сціхне ў нас гамонка.
Мы рукой прыслонім вочы
Ды зірнём угору,
Дзе грыміць ён, дзе якоча
Самалёт маторам.
А ён мкне — напорны, бурны —
Грозным ураганам,
Потым робіць круг фігурны
Унь над тым курганам.
Ты скідаеш з самалёта
Мне на павітанне
Ліст ад сына, ад пілота,
Калгасніцы Ганне!
Ото ж матцы радасць будзе
За пілота-сына;
І пахваляць цябе людзі,
Скажуць: «Наш хлапчына!»
Хлопчык з усмехам шчаслівым
Слухае матулю
І да маткі так зычліва
Шчочку сваю туліць.
9/Х 1935