epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Сціхнуў шум на калідоры..."

* * *

 

Сціхнуў шум на калідоры,

Не чутно гаворкі,

На замок запёрты крэпка

Цесныя каморкі.

 

Не звіняць жалезным звонам

Цяжкія кайданы...

Злосна, дзіка пазірае

Гэты дом паганы!

 

Шчыльна целам чалавечым

Паўкрываны нары,

Ціснуць грудзі арыштантам,

Томяць, бедных, мары.

 

Сон трывожны ў спёртым дусе

Не дае спакою.

Эх, як марна прападае

Жыцце маладое!

 

Свеціць лямпа нудным бляскам,

А вакол – ціхутка!

А праз краты не пабачыш

Вокам нічагутка.

 

Хіба бляск убачыш бледны,

Як ліхтар мігае,

Ды за вуглам вецер вольны

Песню заспявае.

 

2/ХІІ 1908


02.12.1908

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910