epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Шэрая гадзіна

Сонца заходзіць. Сумныя цені

Ціха злятаюць з гары;

Хмаркі паволі ідуць ў аддаленне,

Злітыя бляскам зары.

Шум заціхае. З мрокам вячорным

Смутак прыносіцца, жаль.

Дух чалавека, дух непакорны

Рвецца ў прывольную даль...

Сам я не знаю, чаму вечарамі

Так непрытульна ў душы

Ў момант той часу, як над палямі

Цені кладуцца ў цішы;

Як замірае дзень за гарою

Ў бляску апошніх лучоў,

Як непрыкметна ноч над зямлёю

Свой апускае пакроў.

Сумна на сэрцы, так сіратліва,

Як бы замерла што там...

Дзень дагарэўшы, ціш баязліва,

Што вы гаворыце нам?

 

Мінск,

[23/ІІІ 1910]


[23.03.1910]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910