epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сябрам і знаёмым

І сяброў, здаецца, многа,

І знаёмых шмат.

Прыйдзе ж ліха, дык нікога,

Хто б табе быў рад,

 

Хто б наведаў, ды не «суха»,

Але з каньячком,

Што ўздымае сілы духа,

Спаць кладзе нічком.

 

А заснеш, і «роі» меней,

        Што наспіш, то – плюс.

Дзе рэдактар той, што жменяй

Сыпле твораў стус?

 

Прыяцёлкі мае міма

У свой бок ідуць.

Дзе спагада мая, Сіма?

Не відаць, не чуць.

 

Мне абрыдла слухаць слова –

Ненавісны «хрып».

Дзе, пытаюся сурова,

        Дзе Пястрак Піліп?

 

Дзе сладкавасць наша, Эдзі?

Дзе Ілья? Аркадзь?

Пішуць, спяць сябры, суседзі,

Адна ціша, гладзь.

 

3/V 1946


03.05.1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4