Ой, сябры мае вы, мілы,
Дзе цяпер вы, дарагія?
Ці схавалі свае сілы?
Ці ёсць думкі маладыя?
Тыя думкі, тыя мыслі,
Што душу нам хвалявалі,
З-за каторых хмары звіслі,
За што з нівы нас сарвалі?
Нас з народнай ціхай нівы
Разагналі па ўсім свеце...
Ці здаровы вы, ці жывы?
Дзе вы, мілыя? Гукнеце!
Ці збяромся зноў калі мы
Ў нашым бедным родным краі,
Як бы птушкі пасля зімы?
Дзе вы, хлопцы? Я гукаю!
Не, няпраўда! Быць не можа,
Каб не грэла цёпла сонца.
Наша праўда нам паможа –
Блісне нам святло ў аконца!
[1907]