epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сябру

Эй, і бедна ж у нас!

Ох, вялікая глуш!

Брат! Працуй, не чакай,

Цьму людскую ты зруш.

 

Восень, доўгая ноч

Над народам вісіць,

З кожнай хаты нуда,

Недастача глядзіць.

 

З кожных вуснаў людскіх

Хоча вырвацца крык,

Стогн збалелай душы

Бедакоў-гарамык.

 

Вочы, поўныя дум,

Ў дол маўкліва глядзяць,

Дзе надзеі даўно

Іх спрадвеку ляжаць.

 

Раскатурхай народ,

Свет яму развяжы

І за долю яго

Працу ўсю прылажы.

 

10/ІХ 1909


10.09.1909

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910