epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Сяргей Карага

 

Цёплая летняя ноч павольна апускалася на зямлю і ўсё гусцей і гусцей церушыла над ёю, як бы прасяючы праз танчэйшае сіта, малюпасенькія крупінкі змроку. Рэзка вызначаныя абрысы лясоў і ўзгоркаў трацілі сваю форму і знікалі ў цемры. Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Але на зямлі ў гэты момант было пуста і ціха, – так ціха, што патыхала нейкай жудасцю, бо яна, гэтая цішыня, была такая незвычайная, такая непрывычная. І небу, як відаць, не хацелася паверыць, што там, на зямлі, і сапраўды спакойна, бо яно зараз жа выслала з-за цёмнага краю зямлі яшчэ аднаго дазорцу – крывава-чырвоны, сцяты баханец-месячык. Чуць падняўшыся над дубоваю кудзеркаю лесу, што стаяла па той бок Псла, крыху павесялеўшы месячык зараз жа нырнуў у хмарку. Відаць, гэта проста была яго ваяцкая хітрасць, і гэтую хітрасць запазычыў ён ад людзей, бо ў гэтым месцы зямлі яны якраз ваявалі. І чуць толькі закрыў ён свой твар у цёмнай хмарцы, як у гэты ж момант адтуль, з-пад кудзеркі дубовага лесу, гукнула гармата. Глуха здрыганулася цёмнае паветра, і водгулле-гром пакаціўся па Пслу, па глыбокіх ярах, як грознае суладдзе хору віхроў.

– А, такі адгукнуўся, – ціха прамовіў Сяргей Карага, і яму стала чамусь весялей.

Чаму?

Ён проста не задумваўся над гэтым пытаннем, але ў яго цяпер было такое пачуванне, што ён не адзін, што дзесь там – таксама ёсць людзі. Праўда, тыя людзі – заклятыя ворагі яго! Ён ведае, што там пазіцыі карнілаўскіх палкоў, самых заядлых, самых заўзятых і самых моцных з усяе дзянікінскае арды.

З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў яму крыху аглядзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці, згубіў сувязь са сваёю разведкаю і колькі гадзін блукаў па гэтых дзікіх ярах, заросшых ігрушамі-самасейкамі і купчастымі буйнымі кустамі маладога дубняку. Блуканне гэтае было непрыемна, а горш усяго гэтая глуш, бязлюддзе і чаканне на кожным кроку небяспекі.

Ён прысеў на росную мяжу пад кустом быльніку. Вакол ляжала маўклівае пустое поле.

Сяргей Карага стаў узірацца ў тое месца, адкуль толькі што грымнула гармата. Следам за першым гукам бліснула зарніца.

«Раз, два, тры, чатыры, пяць...» – пачаў ён лічыць хвілінкі, каб па іх вызначыць адлегласць да таго месца, адкуль стралялі гарматы.

Як толькі ён налічыў «дваццаць адзін», пачуўся другі стрэл, больш густы і моцны. «Шэсць з палавінаю вёрст», – вылічыў Сяргей Карага і пачаў штось вырахоўваць, як чалавек, добра знаёмы з вайсковаю абстаноўкаю. У выніку ўсіх гэтых меркаванняў ён вырашыў, што тут, дзесь недалёка, павінны быць дзянікінскія дазорцы.

Сяргей Карага ніжэй прынік да зямлі і стаў аглядаць месца. Перш за ўсё ён звярнуў увагу на тое, што ён сядзіць на самым высокім месцы поля і можа, дзякуючы гэтаму, добра адбівацца на светлым небе, калі пазіраць на гэты ўзгорак знізу.

Яшчэ больш пасвятлеўшы месячык ізноў выплыў з-за хмаркі. Пужліва-варожы змрок крыху расступіўся, парадзеў, і перад Сяргеем Карагам вызначылася цёмная палоска – шляк яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад. Па целе маладога разведчыка прабегла дрыготка: не больш як у ста кроках ад яго, нібы з зямлі, выраслі тры цені.

«А можа, гэта бурʼяны?..» Карага не дадумаў да канца свае думкі: памылковасць гэтага меркавання высветлілася ў той момант, калі белавата-сіні водбліск месяца слізгануў па стальным сцябле аднаго з гэтых «бурʼянаў». Ясна, што гэта дазорцы, і таксама ясна, што – дазорцы дзянікінскія.

«Заўважылі яны мяне ці не?» – свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. У момант змераў ён вачыма адлегласць да яра.

«Эх, дапаўзці б да кустоў, дабрацца б да яра», – была цяпер у яго толькі гэтая думка. Аб тым, што будзе там далей, Карага цяпер не думаў. Але яр быў шмат далей, чым гэтыя тры фігуры, якія паволі, без шуму ішлі якраз на яго.

«Заўважылі, заўважылі, сволачы!..»

Паварушыцца ў гэтую мінуту Карага лічыў смяртэльнаю небяспекаю. Ён прыліп да мяжы, як бы сама зямля трымала яго сваімі моцнымі рукамі. Ён рашыў сядзець ціха, бо меў усё ж такі надзею, што дазорцы яго не бачаць. А калі прыйдзецца так, што дзявацца будзе некуды, тады...

Карага моцна сціснуў у руках сваю вінтоўку. Цяпер яна адна-аднюткая ў цэлым свеце можа за яго заступіцца і пастаяць. Аддавацца ж жывым Карага не думаў, бо там верная смерць і зверскія здзекі.

І ў яго галаве вынікаў цэлы клубок уражанняў гэтага дня: час выхаду на разведку, школа, дзе спыніўся штаб іх палка, таварышы і нейкія абрыўкі-зʼявы нядаўна мінулага ваеннага жыцця, – усё гэта вынікла ў адзін момант, як бы перад яго вачыма на міг вывесілі нейкі мнагавобразны, але пераблытаны малюнак.

Яшчэ адна зʼява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, – гэта смерць камандзіра іх батарэі. Яна, дапраўды, варта таго, каб яе адзначыць.

Бой, што называецца, кіпеў. Адны рады байцоў скошваліся, іх месца заступалі новыя і новыя рады-ланцугі. Дзянікінцы лезлі назойліва, лезлі ўпарта, як раненыя драпежныя звяры, і нічога не магло іх стрымаць, бо тая пазіцыя, якую займалі чырвоныя, была незвычайна важная.

Батарэя, якою камандаваў быўшы афіцэр, штабс-капітан Ваганаў, – чалавек незвычайнае моцы душы, пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Сюды, на батарэю, быў наведзены агонь трох браневікоў і палявой батарэі. Але Ваганаў так сумеў паставіць свае гарматы і так спрытна мяняў іх месцы, што агонь праціўніка не рабіў ніякае шкоды. У рашучы момант бою былі расстраляны ўсе снарады, і батарэя была прымушана змоўкнуць.

– Таварышы! – сказаў тады Ваганаў салдатам. – Цяпер тут няма чаго рабіць. Загадваю адступаць і ратаваць гарматы! Я застаюся прыкрываць адступленне.

Але дзянікінцы былі ўжо блізка, і некалі было выводзіць гарматы. Перапалоханыя чырвонаармейцы кінуліся наўцёкі. «Прашчайце, таварышы!» — гукнуў Ваганаў, а сам сеў на гарачае цела гарматы. Сеў, выняў партабак і закурыў. Сядзіць спакойна, аб чымсьці думае і пускае тонкія клубочкі сіняватага дыму. Разʼяраныя афіцэры-карнілаўцы ўварваліся на тое месца, дзе была батарэя. Бачаць – на гармаце камандзір сядзіць, курыць, кудысьці ў прасторы глядзіць і іх не заўважае.

– Вы – камандзір батарэі?

– Я, – спакойна адказвае той.

– Вы прымушаны былі так метка страляць ці рабілі гэтак ад чыстага сэрца? – зласмешна запытаў паручык-карнілавец.

– Мяне ніхто не можа прымусіць, калі я гэтага не захачу сам, – чаканячы кожнае слова, прамовіў Ваганаў.

– Ты – камуніст? – ужо груба і злосна запытаў паручык.

– Я – салдат Чырвонай Арміі.

– Чаму ж не ўцякаў ты разам са сваім збродам?

– Прашу быць вежлівым! Я з вамі на грабяжы не хадзіў, гэта раз! А другое – я хацеў паказаць яшчэ нястойкім салдатам Чырвонай Арміі, як павінен уміраць чэсны салдат.

– Здраднік!..

Карнілавец выхваціў шаблю і з усяго размаху секануў яго па галаве. Падскочылі другія карнілаўцы. Абліты крывёю Ваганаў без слова, без гуку асунуўся пад колы гарматы.

Вось гэты вобраз штабс-капітана Ваганава незвычайна яскрава ўзнік цяпер перад вачыма Сяргея Карагі.

Ён пачаў разважаць больш спакойна. Адвёўшы на момант вочы ў бок яра, – а гэты яр тым не меней усё больш і больш займаў думкі Сяргея Карагі, – ён ізноў зірнуў перад сабою... Што за чартаўшчына: перад ім нікагутка не было.

«Што за праява? – падумаў Сяргей і пачуў, як па яго спіне захадзілі мурашкі. – Напэўна, замыслілі штось і, відаць, палеглі на зямлю». Усё цела яго сажмалася; ён пачуў боль з боку ілба, як бы ў гэта месца вось-вось паляціць куля, бо Сяргей чакаў, што ў яго пачнуць страляць. Але момант прайшоў і нічога такога не здарылася.

«Куды ж яны дзеліся?» – круціў галаву Сяргей, і нейкі невядомы страх агарнуў яго душу. Ён пачуў, што не можа больш заставацца тут. «Трэба прабірацца да яра»,– яго вочы ізноў пазіралі на яр. Ён ціхенька ссунуўся з мяжы ў разору.

«А слаўная разорка!» – падумаў Сяргей.

Над гэтаю разоркаю якраз выступала досыць высокая мяжа, абросшая травою, і такім чынам рабіла яго непрыметным. І ён папоўз, папоўз ціха, лоўка, як вуж, нібы паўзком ён і на свет радзіўся. Крыху замінала вінтоўка, але скора прылаўчыўся паўзці і з вінтоўкаю. Адпоўзшы колькі крокаў, ён спыняўся, аглядаўся, прыслухваўся.

Палавіну разоры ён прасунуўся. Жаданы яр ужо недалёка. Ён прапоўз яшчэ крокаў сорак. Разора скончылася. Перад ім быў голы ўзгорак, а па гэтым узгорку ішла дарога каля яра.

«Вось гэта ўжо горай!» – Ён яшчэ раз азірнуўся і папоўз на дарогу.

– Стой! Хто?

Сяргей так і абамлеў: каля яра, крокаў пяцьдзесят ад яго, хадзіў вартавы і аклікаў яго. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы і рукі.

– Хто? – ізноў крыкнуў вартавы.

– Не страляць, Ягадкін! Бягай сюды! – хрыпла крычаў невядомы і мацней сціскаў Карагу.

Між імі пачалася барацьба. Сяргей таксама быў незвычайна крэпкі хлопец. У адзін момант ускінуў ён плячыма і перавярнуўся тварам да свайго смяртэльнага ворага, стараючыся вызваліць рукі. Ён адпіхаў яго нагамі, гатовы рваць і грызці свайго ворага.

– Не, дудкі, не выкруцішся, брат! – хрыпеў гэты вораг.

Колькі хвілін, звіўшыся ў клубок, качаліся яны па зямлі, але жалезныя рукі так нагла напаўшага праціўніка не слабелі і здушвалі ўсё крапчэй.

Падбег вартавы, сюды ж збягаліся яшчэ салдаты.

– Здаравецкі, сукін сын, як бык! Чуць-чуць не вырваўся, – казаў дзянікінскі старшы унтэр-афіцэр, трымаючы Карагу.

– Круці і звязвай яму рукі!

– Эх вы, салдаты, салдаты! На ляжачага напалі, гуртом набеглі ды яшчэ рукі звязваеце, – з насмешкай прамовіў Сяргей.

– Так, брат, будзе спакойней, – адказаў салдат, скручваючы рэмнем яму рукі.

– Ты надта, брат, спрыцен. Ці не будзеш ты часамі камуніст? Давай свае кішэні! – з нядобрым смехам казаў унтэр-афіцэр.

«Прапала, усё прапала, – думаў Сяргей Карага, – так па-дурному, так неразумна папаўся!»

Сяргей Карага ведаў, як ветла тут сустракаюць камуністаў, і быў асцярожным, усё, што магло так ці йначай давясці, што ён камуніст, ён зніштожыў яшчэ загадзя.

Яго абшукалі, ператрэслі ўсе кішэні, вельмі ўважліва перагледзелі ўсе паперачкі, якія ў яго знайшліся, забралі ўсе грошы, якія, праўда, цаны для іх не мелі, апрача колькі дзесяткаў рублёў царскіх грошай.

– Завядзіце яго да каменданта, – камандаваў унтэр-афіцэр, – і далажыце яму, што гэтага малойчыка трэба добра распытаць.

– Ты, Булякін, будзь старшым. З табою пойдуць Ахрэменка і Петручок... Марш!

– Ну, марш! – скамандаваў Булякін.

Уперадзе ішоў Ахрэменка, за ім Сяргей Карага, а Булякін з Петручком ішлі па баках.

На першых часах, покі не адышліся з вачэй начальства, Булякін пакрыкваў, каб паказаць, што ён і сапраўды службу спаўняе і свае абавязкі выконвае строга. Потым ён прымоўк, і некаторы час усе ішлі моўчкі. Неба на ўсходзе пачынала святлець. Павеяла ранішнім халадком. Акропленае расою поле пахла сырасцю. Пачуліся сям-там галасы ранніх жаўранкаў. Вакол было ціха і лагодна. Дзе-нідзе з перадранішняга змроку вынікалі вёскі. Ветракі, як грозныя вартавыя, узняўшы свае рукі, стаялі каля іх.

Сяргей Карага, шчыльна сажмаўшы губы і ссунуўшы бровы, думаў свае невясёлыя думкі. Яго душу ахоплівала нейкая злосць і нянавісць ад аднае толькі думкі, што яму прыйдзецца стаяць перад афіцэрамі, якія будуць яго распытваць, дамагацца вестак аб тым, дзе іх войска, хто ён сам і г. д.

А даведаюцца, што ён камуніст, – тады канец! І яму незвычайна моцна хацелася жыць, хацелася быць сведкам тых вынікаў жыцця, якія прынясуць з сабою камуністы, і тых форм новага будаўніцтва, у якія выльецца гэтае жыццё. Дый само па сабе гэтае жыццё такое цікавае. А ён, па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянні па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна... Ніколі раней не думаў ён аб смерці, а вось цяпер яна ўспомнілася.

Ён колькі разоў скоса аглядаў сваіх канвойнікаў, незаметна паварушваў звязанымі рукамі, прабуючы, як моцна яны звязаны, і акідаў вачыма гэтыя, такія мілыя, такія павабныя далі, што больш і больш вырысоўваліся і асвятляліся ясным усмехам новага дня...

Эх, умелыя рукі вязалі яго! І трудна ўцякаць цяпер... Не, лепш пачакаць, а можа, добрае здарэнне падвернецца яму. Не можа быць, каб ён яшчэ не пажыў на свеце.

Надаўшы больш вясёлы выраз свайму твару, Сяргей сказаў:

– Эх, братцы! Курнуць бы, эх, курнуць!

– Ды гэта бадай-што і не пашкодзіла б, – прамовіў старшы Булякін.

Перад імі ўперадзе стаяла старая разложыстая вярба. Параўняўшыся з ёю, Булякін весела, жартліва скамандаваў:

– Стой! Аправіцца, пакурыць!..

– О, гэта голас! – прамовіў Петручок. Канвойнікі спыніліся пад вярбою, зараз жа падаставалі кісеты і пачалі вярцець папяросы. Карага сядзеў са звязанымі рукамі, чакаючы, што будзе далей. Самому яму не хацелася прасіць, каб развязалі рукі.

– А ты чаму не робіш папяросы? – збіваючыся на ўкраінскую мову, спытаў яго Ахрэменка не то, каб пасмяяцца, не то, каб звярнуць агульную ўвагу на звязаныя рукі Карагі.

– Дзівак ты, – адказаў яму Петручок, – ці ж ты не бачыш, што ў яго рукі звязаны?..

– То як жа ён закурыць? – пытаннем адказаў Ахрэменка.

Ахрэменка і Петручок зірнулі на Булякіна.

Булякін чуў, што слова цяпер за ім. Яму крыху і падабалася, што ён тут мае найбольшую вагу, але ён таксама не забываў, што ён старшы, якому даручаны злоўлены камуніст.

– А ты ўцякаць не будзеш? – запытаў Булякін Карагу.

– Куды ён тут уцячэ? – адказаў за Карагу Ахрэменка. – І дзесяць крокаў не прабяжыць, як я пасаджу яго на мушку. Не трэба забываць, што я на сто крокаў зніжу варону, не то што чалавека, – на ўсякі выпадак дадаў Ахрэменка.

– Вас тут трое, а я – адзін; у вас вінтоўкі, а ў мяне голыя рукі, дый то цяпер звязаныя, – сказаў Карага.

– У іх такія справы вырашаюцца галасамі, – звярнуўся Булякін да канвойнікаў, – давайце хіба і мы пагаласуем. Хто за тое, каб развязаць яму рукі?

Ахрэменка і Петручок разам паднялі высока рукі.

– Большасцю галасоў пастаноўлена развязаць табе рукі.

Не чакаючы загаду, Петручок кінуўся развязваць Сяргею рукі. Ахрэменка падкінуў яму бліжэй кісет з махоркаю.

– Ты ж, брат, глядзі ў мяне, – звярнуўся да Карагі Булякін, – і не памыкайся ўцякаць. Мы таксама служым і службу сваю знаем, а нашых шампалоў на сваёй спіне ты не панясеш!

Скруцілі папяросы. Успыхнула запалка ў руках Петручка бледна-чырвоным выбухам полымя, і скора сінія клубочкі махорачнага дыму павольна сталі падымацца ўгору, пад галіны старой вярбы. Агеньчыкі ад папярос, як зорачкі, паблісквалі то ў таго, то ў другога салдата.

– Уцячэш, – у нейкім задуменні, як бы ў тон сваім уласным думкам, пачаў Ахрэменка, – ці мала блытаецца цяпер нашага брата? Вось і вашы чырвоныя, – іх тут усякі дзень спаткаеш, ідзе без усякага табе канвою... Там дрэнна, тут дрэнна. Цьфу! – Ахрэменка вылаяўся моцным салдацкім словам і махнуў рукою.

– Вайна, брат, – уставіў слова Карага.

– Гэта – вайна? – зняважліва спытаў Петручок. – Каму патрэбна вайна. Табе, Булякін, патрэбна яна? Табе, Ахрэменка, ці мне яна патрэбна?.. Да прападзі яна пропадам, халера б паела! Усе яны за народ ідуць: Мікалай, пішучы свае маніфесты, казаў, што яму вельмі блізка сэрцу дабро народу; Керанскі выступіў за народ, Карнілаў ішоў за народ, Дзянікін ідзе за народ, і Ленін з Троцкім ідуць за народ. Здаецца б гэтаму народу і паміраць не трэба. А гэты народ гноіць сваёю крывёю і касцямі зямлю, корміць вошы, дохне з голаду, з тыфусу і сам сябе зніштажае, і водзім мы самі сябе, як арыштантаў. Сёння цябе злавілі, вядуць пад штыкамі, заўтра – мяне... Эх, браткі, каб мая Гродзеншчына ды была бліжэй! Паляцеў бы я туды. У лес бы зашыўся, ніякіх чартоў не хацеў бы знаць.

– Так ці не так? – звярнуўся Петручок да Сяргея Карагі, а потым дадаў: – Ты, можа з якіх там важных паноў, сам можа якое начальства, дык табе магло і не спадабацца штось з таго, што я сказаў. Кажы, брат: я абвяшчаю поўную свабоду слова пад гэтаю вярбою!

Карага слухаў, што гаварыў Петручок, і хмурыўся. А калі той скончыў, ён значна павесялеў.

– Не, браток, я не з паноў і не з начальства. Я – сын будачніка, – сказаў Карага, – і бацька мой – мужык, служыў у сваім часе на чыгунцы, а дзе ён цяпер – не ведаю; і ты, брат, відаць, не ведаеш аб сваёй радні. Я вельмі рады, што мы з табою чуць-чуць не землякі, бо бацька мой жыў на пятай будцы ад Пінска, туды, на Брэст, а сам я быў рабочы ў чыгуначных майстэрнях на станцыі Пінск.

– То і я ж адтуль блізка, – прамовіў Ахрэменка, – з Валыні!

– Дык вось мы дзе спазналіся: пад гэтай вярбою! – весела прамовіў Карага. Добры настрой яго шмат падняўся, а надзея на палепшанне яго справы мацней адчулася ў сэрцы. – А можа і старшы, калі не зямляк, то блізкі наш сусед?

– Я – курскі, – адказаў Булякін.

– Ён ні хахол, ні кацап, а проста курскае «чайкю», – дапоўніў Ахрэменка. – І чакае, покі дойдзе да Псяльца, а ён тут ужо, не вельмі далёка.

– А ад Псяльца ён болей не ваяка, – дадаў Петручок і засмяяўся.

– Псялец... – прамовіў Карага. У яго чуць-чуць не сарвалася, што там стаіць штаб іх дывізіі. Абстаноўка, як відаць, складаецца прыхільна для яго.

Памаўчалі. Дакурылі папяросы.

Карага пачуў, што канвойныя хістаюцца, што нешта злучае іх і робіць блізкімі па душы, нягледзячы на рознасць характараў і на тыя дарогі жыцця, па якіх яны ішлі дагэтуль і якімі хацелі б пайсці далей.

Карага сядзеў, апусціўшы галаву, і думаў. А потым ускінуў погляд на сваіх канвойнікаў, правёў рукою па ілбе, разважаючы аб тым, ці варта даваць адказ на прамову Петручка, дзе так пуката вызначалася неразуменне і няўменне разбірацца ў грамадзянскіх пытаннях, ці лепей памаўчаць. Але ўсё казала за тое, што выказацца трэба, каб аб ім судзілі болей справядліва і каб не пазіралі на яго, як на нейкае страшыдла з вывескаю «камуніст». Таксама важна і тое, каб яны на гэту вайну глянулі з другога боку.

– Так, братцы мае, – пачаў Карага, – вайна наогул дрэнная рэч, ніхто яе не хоча, кожны яе праклінае, і тым не меней мы ваюем. Чаму ж гэта так выйшла? Ваявалі з немцамі, з аўстрыякамі, з туркамі, з балгарамі, а цяпер вось самі з сабой ваюем. Калі пачыналі першую вайну, то не запыталіся ў мяне з вамі, хочам мы ці не. Нас проста пагналі, як жывёлу, пад нямецкія і аўстрыяцкія кулі. А хто пагнаў? Нас пагнаў капітал – наш і чужаземны; нас пагналі буржуі, багатыры, дваране, тыя самыя прадстаўнікі багатых класаў, у чыіх руках была ўлада, тыя самыя драпежнікі, што выцягалі з нас жылы і без вайны. Яны не пагадзіліся між сабою, кінулі свае народы, сялянства і рабочых у гэтую крывавую калатушу. Але не вытрымалі мы. За часы вайны прасвятлелі нашы вочы, мы зрабілі рэвалюцыю, скінулі цара. Зʼявіўся Керанскі. Ён нібы ішоў ад імя народа і нібы бараніў яго інтарэсы. Але Керанскі выконваў волю тых жа драпежнікаў, служыў ім, ён ездзіў па фронце, агітуючы войска за вайну, за гэтую непатрэбную нам вайну, вайну за інтарэсы буржуяў. Вось тады, таварышы, падала свой голас наша партыя, партыя бальшавікоў. Яна сказала: «Далоў Керанскага! Далоў вайну за інтарэсы купцоў і дваранства!» Улада перайшла ў рукі рабочых і сялян. Але ці маглі з гэтым пагадзіцца багацеі, царскія генералы? І вось, апіраючыся на чужаземны капітал, часткаю на афіцэрства і кулакоў, часткаю на несвядомых людзей, выступілі яны з усіх канцоў проціў бальшавікоў, каб вярнуць сабе ўладу, каб пасадзіць нас ізноў на ланцуг. Але ў шырокіх колах народа не знаходзілі яны сабе падтрымання. Не павязло Карнілаву, не павязло Калчаку, Юдэнічу. Знайшоўся Дзянікін, у чыіх радах і вы, таварышы. Хіба ж вы сляпыя, таварышы? Не бачыце, што нясе Дзянікін народу? У тых мясцінах, якія захапіў ён, адбудоўваецца стары царскі парадак, прыходзіць старая паліцыя, за ёю цягнецца густы шэраг землеўласнікаў. Як галоднае крумкаччо на трупы, злятаюцца яны на свае старыя гнёзды, разбураныя рэвалюцыяй, і пачынаюць пры дапамозе паліцыі збіраць свае растрачаныя манаткі, высечаныя ў лесе дубкі і розную надобу. Сялян бʼюць шампаламі, расстрэльваюць, а пра камуністаў і гаварыць не прыходзіцца. Хіба ж, таварышы, люба вам гэтая ўлада, гэты парадак? Я – камуніст, я не буду таіцца ад вас! Калі ж вы знаходзіце, што я ваш вораг, то скажыце пра гэта таму, да каго вы мяне ведзяце, і мяне застрэліць без суду першы ваш афіцэр, як толькі ўбачыць перад сабою чалавека з гэтым ненавісным яму імем.

Апошнія словы Сяргея Карагі зрабілі моцнае ўражанне на канвойнікаў. Булякін пачухаў патыліцу, хацеў штось прамовіць, але, зірнуўшы назад, увесь здрыгануўся: ззаду па той жа дарозе ехаў коннік.

– Афіцэр! Ну! Хлопцы, жыва на ногі! – сказаў Булякін і падняўся.

За ім моўчкі падняліся ўсе, пастроіліся і пайшлі далей. Хвілін праз колькі іх дагнаў коннік.

– Каго ведзяце? – спытаў афіцэр, параўняўшыся з імі.

Сэрца ў Карагі апала. Не чакаючы адказу Булякіна, ён сам прамовіў:

– Перабежчык!

– Ну, валяй, – скамандаваў афіцэр і памчаўся далей.

– Маладзец ты, брат, знайшоў, што сказаць, – пахваліў Карагу Булякін.

– Так мы і будзем цябе тут называць, – дадаў Петручок.

– Ты, брат, не бойся, скажам: перабежчыка прывялі, – аклікнуўся Ахрэменка.

Сяргей Карага пачуў, што канвойнікі будуць трымаць яго руку і што яны, ва ўсякім разе, не ворагі яму. А на гэтай вайне перабежчыкі як з аднаго, так і з другога боку – звычайная зʼява, і імі з начальства мала хто цікавіўся.

– Толькі вось што, братцы, – сказаў Петручок, – ці не здасца гэта падазроным, што перабежчыка тры салдаты вядуць?

Сяргею і самому здавалася не зусім добрым, што яго вядуць пад такім канвоем. Казаць жа аб гэтым раней ён не адважваўся, не ведаючы, што за людзі гэтыя хлопцы.

Цяпер гэтае пытанне было разгледжана агульна і пастаноўлена так: Булякін павядзе Карагу да каменданта адзін, а Ахрэменка і Петручок проста куды-небудзь схаваюцца.

Пачынала ўсходзіць сонца, калі яны падышлі да чыгуначнай станцыі, дзе і быў камендант, да якога вялі Карагу.

Уся станцыя была забіта вагонамі і цягнікамі. Зірнуўшы на гэту станцыю, Карага адразу пачуў, што тут зусім другая абстаноўка. То з таго, то з другога вагона выходзілі ў наплечніках афіцэры, і ўсё напамінала так ясна, так яскрава абстаноўку царскіх часоў, ад якіх Карага даўно ўжо адвык; нейкая варожасць ахапіла яго душу, і ён пачуў страшэннае адзіноцтва.

«Толькі б адбыць гэта, скарэй бы развязацца», – думаў Карага, а ў галаве складаўся план: уцячы адгэтуль у сваю сямʼю, да сваіх таварышаў.

Ён нават цешыў сябе думкаю, што, можа, не адзін ён вернецца ў свой полк, а з таварышамі, якіх знайшоў тут. Эх, і будзе ж аб чым пагаварыць!

Ахрэменка з Петручком адсталі, а ён з Булякіным ішоў яшчэ некаторы час па станцыі. Гэта хада здалася яму незвычайна доўгаю. Часамі сустракаліся афіцэры, і некаторыя з іх, кінуўшы кароткі погляд на Карагу, казалі:

– Іш ты, зашчытнік пралетарыяту!

Прайшлі міма браневіка, на ім красаваўся надпіс: «Слава афіцэра». Успомнілася, што гэты бранявік меў частыя сутычкі з іх браневіком «Чарнаморац». Аб гэтых сутычках многа было гутарак у іх палку.

Станцыя канчалася. На запаснай пуціне, ужо недалёка ад семафора, стаяў вагон з надпісам «Камендант». Тут Булякін здаў свайго палонніка дзяжурнаму салдату.

– Перабежчык! Прыказана завесці да каменданта.

Салдат прыняў Карагу, а Булякін вярнуўся назад.

Камендант, малады падпаручык, сядзеў за сталом і, ссунуўшы бровы, глядзеў на Карагу. Тут жа, у вагоне, у кутку каля акна, стаяў салдат, як відаць, веставы. Карага не звярнуў на яго ўвагі. Затое ж гэты салдат паглядзеў на яго вельмі ўважліва.

– Адкуль прыбыў?

– З трыццаць чацвёртага палка.

– Не ўмееш адказваць афіцэру! – напусціўся на яго камендант.

– Таварыш камендант, адказваю, як умею.

– Што? Таварыш! Які я табе таварыш? – гнеўна бліснуў вачыма камендант і аж падскочыў.

Карага стаяў, як апараны кіпнем.

– Шампалоў захацеў? Прывыклі там, сукіны сыны! Ты камуніст? Нешта тваё рыла нячыстым здаецца мне!

Карага стаяў, а там, у сярэдзіне, усё траслося, бурліла. Ды тут здарылася нешта такое, чаго ён ніяк не чакаў.

З кутка вагона вучэбным крокам выступіў салдат. Гэта быў сапраўды перабежчык з трыццаць чацвёртага палка і з тае самае роты, у якой быў Карага. Гэтаму салдату пагражала пакаранне за рабунак, таму ён і паспяшаўся ўцячы да белых.

Узяўшы пад казырок, ён прамовіў:

– Гаспадзін камендант, дазвольце сказаць: ён камуніст і ёсць!

І пацямнела ўваччу Сяргея. Увесь белы свет з яго малюнкамі, зямля, неба, лес і яры, якія ён яшчэ нядаўна бачыў, крутнуліся ў яго вачах. Не помнячы нічога, не даючы сабе яснага адказу і паддаючыся аднаму ахапіўшаму яго пачуццю, моцнаму, стыхійнаму пачуццю нянавісці, ён у момант згарнуў кулакі і рынуўся на каменданта. Салдат штурхануў яго ўбок, і толькі па версе галавы каменданта слізгануў кулак Сяргея Карагі і збіў шапку.

Разʼюшаны камендант выхапіў рэвальвер, стрэліў два разы. Убег дзяжурны салдат.

Сяргей Карага, бледны, з памутнелымі вачамі, стаяў, прыпёршыся да сцяны, і рукою трымаўся за левы бок: адтуль біла кроў.

– Дастрэльвай жа, памешчыцкі прахвост, бо скора ў цябе і гэтага не будзе здавалення, – паспеў прамовіць Сяргей Карага і асунуўся на падлогу.

Назаўтра досвіткам Петручок і Ахрэменка прынеслі ў стан чырвоных вестку аб тым, што сталася з Сяргеем Карагам.

[1923, 1952]


[1923]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5